Пантыфік пачаў візіт у Павію сустрэчай з хворымі дзецьмі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Першым пунктам праграмы яго падарожжа стаў Нацыянальны цэнтр адронатэрапіі ў Павіі, дзе Святы Айцец сустрэўся з дзецьмі, якія праходзяць лячэнне, іх бацькамі, а таксама з медыкамі і кіраўніцтвам клінікі. Візіт не прадугледжваў афіцыйных прамоў і прайшоў у вельмі цёплай атмасферы.
Пантыфік асаблівым чынам нагадаў прысутным на сустрэчы, што сям’я вельмі важная, асабліва калі чалавеку цяжка і ён хворы – падтрымка блізкіх робіць перажыванне хваробы лягчэйшым.
Святы Айцец падкрэсліў, што Бог не хоча, каб людзі пакутавалі, і заўсёды знаходзіцца побач з чалавекам нават у самых цяжкіх момантах. Папа падзякаваў урачам, медсёстрам і ўсім супрацоўнікам цэнтра, адзначыўшы, што праз іх працу таксама дзейнічае дабро і дапамога людзям. Леў XIV падкрэсліў важнасць навукі і даследаванняў, бо яны дапамагаюць паляпшаць лячэнне ў будучыні. У канцы візіту ён разам з пацыентамі і іх сем’ямі памаліўся “Ойча наш”.
