Пошук

Папа да каталіцкіх ВНУ: супрацьстаяць фрагментацыі ведаў

Леў XIV заклікаў рэктараў і кіраўнікоў каталіцкіх універсітэтаў ЗША не толькі рыхтаваць студэнтаў да будучай прафесіі, але і выхоўваць у іх любоў да ісціны, здольнасць да крытычнага мыслення і разуменне годнасці кожнага чалавека.

Марыя Валодзіна - Vatican News

3 чэрвеня 2026 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў семінара Асацыяцыі каталіцкіх каледжаў і ўніверсітэтаў ЗША, падкрэсліўшы вырашальную ролю каталіцкай адукацыі ў сучасным свеце.

Адной з праблем, з якой сутыкаецца сённяшні адукацыйны свет, Папа назваў фрагментацыю ведаў, калі многія спецыялісты добра валодаюць вузкай дысцыплінай, але не здольныя звязаць атрыманую інфармацыю з глыбейшым разуменнем жыцця. Ім часта не хапае глабальнага бачання рэчаіснасці, якое дазваляе аб'яднаць не толькі розныя вобласці ведаў, але і шматлікія аспекты жыцця і ўнутраныя імкненні чалавечага сэрца.

Леў XIV нагадаў кіраўнікам каталіцкіх навучальных устаноў, што на іх ляжыць высакародная задача: не толькі падрыхтаваць студэнтаў да будучай прафесіі, але і навучыць іх шукаць і любіць ісціну, разважаць пра сэнс жыцця і адкрываць годнасць кожнага чалавека.

У святле энцыклікі “Magnifica humanitas” Папа звярнуў увагу на развіццё тэхналогій і іх ўплыў на адукацыйны працэс. Ён адзначыў, што шырокае выкарыстанне штучнага інтэлекту ўсё больш ускладняе ацэнку працы студэнтаў і патрабуе ад выкладчыкаў новых творчых падыходаў у навучанні. Святы Айцец падкрэсліў, што моладзь павінна вучыцца пазітыўна ставіцца да новых тэхналогій, адначасова развіваючы здольнасць крытычна мысліць, разважаць і развіваць свае навыкі і веды.

Напрыканцы сустрэчы Леў XIV выказаў надзею, што студэнты каталіцкіх універсітэтаў знойдуць у іх “здаровае вучэнне” (пар. 2 Цім 4:3), якое стане трывалым падмуркам як для іх асабістага жыцця, так і для будучыні краіны.

03 чэрвеня 2026, 10:52