Наступствы землятрусу ў Венесуэле Наступствы землятрусу ў Венесуэле  (AFP or licensors)

Святы Айцец моліцца за ахвяр землятрусу ў Венесуэле

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 28 чэрвеня 2026 года прайшла ў Ватыкане, Папа выказаў духоўную блізкасць да венесуэльцаў, якія пацярпелі ад разбуральнага землятрусу.

Марыя Валодзіна – Vatican News

“Я хацеў бы выказаць сваю блізкасць сёстрам і братам у Венесуэле, якія пацярпелі ад нядаўняга землятрусу, што прывёў да шматлікіх ахвяр і параненых, а таксама нанёс велізарную матэрыяльную шкоду”, - сказаў Папа.

Святы Айцец зазначыў, што моліцца аб вечным спачынку для памерлых, запэўніў у сваёй духоўнай падтрымцы сем’і загінулых, пацярпелых і ўсіх, каго закранула трагедыя.

Пантыфік падзякаваў усім, хто самааддана ўдзельнічае ў выратавальных аперацыях і аказвае дапамогу ахвярам стыхійнага бедства.

Нагадаем, што самы разбуральны ў гісторыі Венесуэлы землятрус адбыўся ўвечары 24 чэрвеня 2026 года. Стыхійнае бедства забрала жыцці многіх людзей, пакінула шмат параненых і прывяло да значных разбурэнняў. Найбольшыя страты зафіксаваны ў прыбярэжным штаце Ла-Гуайра, бліз Каракаса.

28 чэрвеня 2026, 12:37