Пантыфік прыбыў у Мадрыд: першыя крокі на іспанскай зямлі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Самалёт “Airbus A320” італьянскай авіякампаніі “ITA Airways” з Пантыфікам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце імя Адольфа Суарэса 6 чэрвеня 2026 года ў 10.12 па мясцовым часе.
Святога Айца сустракалі кароль Філіп VI і каралева Летыцыя, а таксама прэм’ер-міністр краіны Пэдра Санчэс. На цырымоніі прысутнічалі арцыбіскуп Мадрыда, кардынал Хасэ Коба Кана, і арцыбіскуп П’ера П’ёпа, нунцый у Іспаніі і Андоры.
Леў XIV прайшоў у суправаджэнні каралеўскай пары ў будынак аэрапорта. Там яго чакалі сем’і з дзецьмі, якія трымалі ў руках іспанскія сцяжкі. Папа цёпла прывітаў іх.
Пасля кароткай прыватнай размовы з іспанскімі дзяржаўнымі лідарамі Пантыфік накіраваўся на аўтамабілі ў каралеўскі палац, дзе пройдзе афіцыйная цырымонія прывітання. Пасля яе Папа звернецца з прамовай да іспанскіх уладаў, палітыкаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дыпламатаў.
