Пошук

Размова Папы з прадстаўнікамі Сусветнай харчовай праграмы з розных частак свету Размова Папы з прадстаўнікамі Сусветнай харчовай праграмы з розных частак свету  (@Vatican Media)

Святы Айцец: голад і войны ўтвараюць замкнёнае кола

Леў XIV падзякаваў супрацоўнікам Сусветнай харчовай праграмы за служэнне людзям у самых небяспечных рэгіёнах свету і назваў іх працу знакам надзеі для чалавецтва.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падчас візіту ў сядзібу Сусветнай харчовай праграмы, 22 чэрвеня 2026 года, Папа прывітаў па відэасувязі прадстаўнікоў арганізацыі з розных краін і папрасіў некалькіх з іх расказаць пра сваю працу і пра тое, з якімі цяжкасцямі яны сутыкаюцца, каб лепш зразумець рэальнасць барацьбы з голадам.

Пантыфік адзначыў, што многія супрацоўнікі Сусветнай харчовай праграмы працуюць у вельмі небяспечных умовах і нават рызыкуюць жыццём, дастаўляючы ежу ў рэгіёны, ахопленыя канфліктам. Ён падзякаваў сваім суразмоўцам за працу і падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл падтрымлівае іх місію.

Святы Айцец нагадаў пра сувязь паміж голадам і канфліктамі: дзе ёсць голад, там узнікаюць войны, а войны яшчэ больш узмацняюць голад. “І таму мы працягваем хадзіць па коле”, - сказаў ён, заўважыўшы, што гэтыя з’явы таксама выклікаюць міграцыю, бо людзі ўцякаюць ад голаду і вайны, а не таму, што хочуць пакінуць свой дом.

Пантыфік нагадаў прадстаўнікам міжнароднай арганізацыі, што важна не толькі даваць ежу, але і шукаць глыбінныя прычыны голаду і спрабаваць іх вырашыць. Ён падкрэсліў, што ў свеце ёсць дастаткова рэсурсаў, каб не было голаду, але яны часта накіроўваюцца на войны і канфлікты.

Вітаючы супрацоўнікаў Сусветнай харчовай праграмы, якія сабраліся на вуліцы перад сядзібай арганізацыі, Папа пажадаў, каб яе праца і служэнне “дапамагалі людзям аб’ядноўвацца, працаваць разам, вырашаць праблемы, якія выклікаюць голад, і шукаць шляхі да больш справядлівага свету”, а таксама верыць у будучыню і не губляць сэнс жыцця.
 

22 чэрвеня 2026, 13:50