Апостальскае падарожжа ў Іспанію: афіцыйная праграма
Марыя Валодзіна - Vatican News
Падарожжа Святога Айца на Пірэнейскі паўвостраў распачнецца 6 чэрвеня 2026 года: у 8 гадзін раніцы ён вылеціць з рымскага аэрапорта “Фьюмічына” у кірунку сталіцы Іспаніі. Прыбыццё ў Мадрыд запланавана на 10:30. У міжнародным аэрапорце імя Адольфа Суарэса пройдзе афіцыйная цырымонія сустрэчы Пантыфіка на іспанскай зямлі, пасля чаго ён накіруецца ў Каралеўскі палац з візітам ветлівасці да караля і каралевы Іспаніі. Пасля гэтага запланаваны зварот Льва XIV да прадстаўнікоў улады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Увечары Пантыфік сустрэнецца з супрацоўнікамі і ўдзельнікамі сацыяльнага праекта “CEDIA 24 Horas”, які дапамагае людзям у складаных жыццёвых абставінах. Першы дзень падарожжа завершыцца малітоўным чуваннем з моладдзю на плошчы Лімы ў Мадрыдзе.
У нядзелю, 7 чэрвеня, Папа ўзначаліць святую Імшу на плошчы Сібелес, падчас якой звернецца да вернікаў з гаміліяй і прыме ўдзел у працэсіі Божага Цела. Затым у апостальскай нунцыятуры адбудзецца прыватная сустрэча Льва XIV з членамі ордэна аўгустынцаў. Увечары Пантыфік правядзе дыялог з дзеячамі культуры, мастацтва, эканомікі і спорту на стадыёне "Movistar Arena".
Раніцай 8 чэрвеня ў апостальскай нунцыятуры адбудзецца сустрэча Святога Айца з прэм’ер-міністрам Іспаніі, пасля чаго Папа звернецца з прамовай да дэпутатаў парламента. Пасля сустрэчы з біскупамі Пантыфік наведаe катэдральны сабор Мадрыда, дзе памоліцца перад абразом Маці Божай Альмудэнскай. У 19:00 гадзін пройдзе сустрэча Папы з дыяцэзіяльнай супольнасцю на стадыёне “Сант'яга Бернабеу”.
9 чэрвеня Леў XIV сустрэнецца з валанцёрамі ў выставачным комплексе IFEMA ў Мадрыдзе, пасля чаго пераляціць у Барселону, дзе ўзначаліць малітву ў катэдры Святога Крыжа і святой Эўлаліі. Увечары таго ж дня на алімпійскім стадыёне імя Льюіса Кампаніса ў Барселоне адбудзецца вялікае малітоўнае чуванне з удзелам тысяч вернікаў.
10 чэрвеня Пантыфік наведае турму “Brians 1”, пасля чаго накіруецца ў кляштар Маці Божай на гары Мансэрат, дзе разам з манаскай супольнасцю правядзе ружанцовую малітву. Пасля сустрэчы з прадстаўнікамі дабрачынных арганізацый у касцёле святога Аўгустына, Пантыфік накіруецца ў базіліку Святой Сям'і (Саграда Фамілія), дзе ўзначаліць Святую Імшу і ўрачыстае адкрыццё новай, самай высокай, вежы Езуса Хрыста.
Раніцай 11 чэрвеня Папа пакіне Барселону і накіруецца на Канарскі архіпелаг, дзе наведае астравы Тэнэрыфэ і Гран-Канарыя. Цэнтральнай тэмай апошняга этапу падарожжа стане міграцыя і гуманітарная дапамога. Прыбыццё на авіябазу Гран-Канарыя запланавана на 10:50. У порце Аргінегін Папа сустрэнецца з мігрантамі і прадстаўнікамі арганізацый, якія займаюцца іх падтрымкай, а таксама правядзе сустрэчу з біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі работнікамі ў саборы святой Ганны. Увечары Пантыфік узначаліць святую Імшу на стадыёне "Гран-Канарыя" і прачытае гамілію.
Заключны дзень падарожжа, 12 чэрвеня, пройдзе на Тэнэрыфэ. Пантыфік наведае цэнтр для прыёму мігрантаў “Las Raíces”, сустрэнецца з прадстаўнікамі арганізацый, якія займаюцца інтэграцыяй мігрантаў і ўзначаліць святую Імшу ў порце Санта-Крус-дэ-Тэнэрыфэ. У другой палове дня Леў XIV развітаецца з Іспаніяй і вернецца ў Рым.
