Пошук

Відэазванок Папы ліванскім святарам Відэазванок Папы ліванскім святарам 

Жэст блізкасці: відэазванок Папы святарам паўднёвага Лівана

Прыемным сюрпрызам для ліванскіх святароў стаў відэазванок Льва XIV. Папа звязаўся з імі падчас аўдыенцыі для апостальскага нунцыя, каб выказаць сваю падтрымку, падзякаваць за служэнне ў цяжкіх умовах і запэўніць у малітве за мір.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Раніцай 6 мая 2026 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане арцыбіскупа Паола Борджа, апостальскага нунцыя ў Ліване. Падчас сустрэчы ён выйшаў на відэасувязь са святарамі з паўднёвых рэгіёнаў краіны, цёпла паразмаўляў з імі, падбадзёрыў і ўдзяліў апостальскае благаслаўленне.

У відэазванку ўдзельнічалі каля дзесяці пробашчаў з памежных з Ізраілем тэрыторый – рэгіёнаў, якія пакутуюць ад ракетных удараў і бамбардзіровак. Таксама прысутнічалі грэка-каталіцкі біскуп Ціра і генеральны вікарый.

Арцыбіскупа Борджа ў апошнія месяцы актыўна працуе ў прыгранічных раёнах Лівана, дастаўляючы гуманітарную дапамогу, прадукты харчавання і неабходныя рэчы, а таксама духоўна падтрымлівае мясцовае насельніцтва словамі суцяшэння і сведчаннем блізкасці Касцёла і Папы. Напярэдадні аўдыенцыі ён папрасіў пробашчаў стварыць чат і заставацца на сувязі ў пэўны час для яго відэазванка з Рыма. Некаторыя ўдзельнікі здагадаліся пра магчымы сюрпрыз.

Нягледзячы на кароткую працягласць, размова мела глыбокі маральны ўплыў. Святары падкрэсліваюць, што адчулі блізкасць Пантыфіка, нават праз экран. “Гэта было цудоўна”, - падзяліўся айцец Тоні Эліяс, пробашч з вёскі Рмэйш, аддзеленай ад Ізраіля толькі лесам. – “Папа падбадзёрыў нас, сказаў, што моліцца за нас, падтрымлівае і благаславіў у надзеі на мір, які хутка будзе дасягнуты. Гэта быў сапраўдны подых надзеі і даверу, якога нам вельмі не хапала”.

Ксёндз Эліяс таксама выказаў глыбокую ўдзячнасць арцыбіскупу Борджа, адзначаючы яго адданае служэнне, мужнасць і клопат пра людзей, па прыкладу місіі яго святога апекуна, апостала Паўла.

Леў XIV, які ў снежні 2025 года наведаў Ліван у межах свайго першага апостальскага падарожжа, уважліва сочыць за сітуацыяй у краіне, якая перажывае цяжкія часы. Ён працягвае падтрымліваць кантакты з прадстаўнікамі мясцовага Касцёла і грамадзянскімі ўладамі.

Жэст падтрымкі з боку Папы
Жэст падтрымкі з боку Папы
06 мая 2026, 16:10