Леў XIV: сапраўдны мір пачынаецца ў сэрцы, якое любіць

Кожны можа і павінен унесці свой уклад у будаванне міру ў свеце, пачынаючы з малых, але важных рэчаў, устрымліваючыся ад усялякага вербальнага ці фізічнага гвалту як у штодзённым жыцці, так і ў сацыяльных сетках, - нагадаў Папа

Аляксандр Панчанка – Vatican News

30 мая 2026 года Леў XIV узначаліў малітву Ружанца ў Ватыканскіх садах, прымеркаваную да заканчэння месяца, які ў Каталіцкім Касцёле традыцыйна прысвечаны Панне Марыі.

Папа заклікаў усім сэрцам услухацца ў Божае слова, “каб у малітве мы змаглі зразумець сэнс таго, што адбываецца ў гісторыі, распазнаючы Божы Провід, які заўсёды кіруе ёю і прыходзіць нам на дапамогу”.

“Панна Марыя – гэта прыклад верніка, які нахіляе вуха свайго сэрца, каб пачуць, што кажа Бог. Яна з’яўляецца для нас узорам сваёй паслухмянасці, з якой прымае ў сваё ўлонне ўцелаўленне Сына Божага”, - сказаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што “разважанне разам з Марыяй над таямніцамі Ружанца вядзе нас да прызнання ў Езусе Хрысце адзінага канчатковага Слова, якое прамовіў Айцец – Слова міру для ўсіх, хто вяртаецца да Яго з пакаянным сэрцам”.

“Пан ніколі не пакідае нас, нават калі мы забываемся пра Яго, нават калі збіваемся са шляху: Ён ідзе шукаць нас і становіцца блізкім са Сваёй спрадвечнай любоўю. Як нагадвае прарок Ісая: “Я ствару плод вуснаў. Супакой, супакой далёкім і блізкім” (Іс 57, 19). Той, хто давярае Богу, разумее гэтае абвяшчэнне міру і становіцца яго творцам, будуючы яго ўласнымі рукамі”, - сцвердзіў ён.

“Мір – гэта не тэорыя, якую трэба правяраць у лабараторыі, не наіўная ілюзія і не справа, якую выкарыстоўваюць дзеля выгады. Калі яго шукаюць са шчырым сэрцам, ён, хутчэй, становіцца штодзённым абавязкам нашага жыцця: ён вынікае са справядлівасці і любові як гармонія, што яднае людзей, сем’і, супольнасці і народы. Нават у гэты час напружанасці і канфліктаў мір становіцца магчымым, калі ёсць жаданне пачуць крык тых, хто яго пазбаўлены: нявінных дзяцей, устрывожаных маці і бацькаў, зняволеных, з якімі жорстка абыходзяцца, бежанцаў, людзей, якія пакутуюць, любога ўзросту. Усе яны маюць на вуснах толькі адно слова: мір!”, - дадаў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што “мір заўсёды магчымы, таму што гэта дар Божы”. “Гэты мір, Яго мір, мае аблічча Езуса Хрыста, Сына Божага, які Сваім жыццём, аддадзеным за нас, прымірыў неба і зямлю. Як піша апостал Павел: “Ён – наш супакой” (Эф 2, 14) –  Той, Хто руйнуе сцены варожасці, Хто перамагае пыху пакораю і вызваляе ад граху ўсё стварэнне”, - сказаў Леў XIV.

“Калі Пан Езус з намі і мы паводзім сябе як сапраўдныя вучні Ягонай любові, тады Дух Святы можа здзейсніць тое, што па-чалавечы здаецца немагчымым. Калі ж чалавек аддаляецца ад Бога, ён аддаляецца і ад чалавека, ад свайго бліжняга, застаючыся абыякавым да ягонага болю. Кожны раз, калі мы вяртаемся да Пана, Яго мір становіцца нашым абавязкам у адпаведнасці з задачамі і адказнасцю кожнага з нас”, - сцвердзіў ён.

“Малітва такім чынам становіцца місіяй і прароцтвам: у нашых гарадах больш не павінна быць плачу нявінных; ніхто не павінен уцякаць са свайго дому з-за пагрозы бомбаў; прагнасць да ўлады і жорсткасць слоў павінны саступіць месца прагненню справядлівасці і праўды. Але кожны можа і павінен унесці свой уклад, пачынаючы з малых, але важных рэчаў, устрымліваючыся ад усялякага вербальнага ці фізічнага гвалту як у штодзённым жыцці, так і ў сацыяльных сетках”, - дадаў Пантыфік.

Леў XIV падкрэсліў, што “сапраўдны мір пачынаецца ў сэрцы, якое любіць; пра яго сведчаць вусны, што прамаўляюць словы прымірэння; ён адлюстроўваецца ў вачах, якія глядзяць на свет з лагоднасцю і мудрасцю”. “Гэта сапраўдная сіла – сіла праўды і любові”, - сцвердзіў ён, нагадваючы, што “Бог шукае будаўнікоў міру”. “Няхай нашая Найсвяцейшая Маці дапаможа нам кожны дзень адказваць Яму: “Вось я”, і не словамі, а ўчынкамі”, - заклікаў на заканчэнне прамовы Папа.
 

30 мая 2026, 20:21