Папа: служба гвардзейца неаддзельная ад паклікання да святасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
7 мая 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане камандзіра, афіцэраў і гвардзейцаў Папскай швейцарскай гвардыі разам з членамі іх сем'яў, а таксама прадстаўнікоў грамадзянскіх і ваенных улад Швейцарыі, якія напярэдадні прысутнічалі на ўрачыстай прысязе навабранцаў.
Папа падкрэсліў, што іх краіна можа ганарыцца маладымі рэкрутамі, якія прыносяць у Ватыкан свае культурныя і духоўныя каштоўнасці. Ён падзякаваў сваім вартавым за сціплую і нястомную службу, якую яны нясуць днём і ноччу, а іх сем’ям – за падтрымку і выхаванне.
Святы Айцец адзначыў, што месцы, дзе служаць швейцарскія гвардзейцы – уваходы ў Ватыкан, Апостальскі палац, галоўныя базілікі – напоўненыя гісторыяй і верай. Такое асяроддзе спрыяе малітве і разважанням, а прыгажосць, якую яны бачаць штодня, зыходзіць ад Бога і вядзе да Бога – Айца ўсяго прыгожага і добрага. І хоць місія гвардзейцаў мае вайсковы характар, яна неаддзельная ад паклікання кожнага ахрышчанага да святасці.
Леў XIV выказаў перакананне, што рашэнне гвардзейцаў прысвяціць некалькі гадоў свайго жыцця служэнню Святому Пасаду ўпісваецца ў іх асабісты шлях веры. На яго думку, яны пакліканыя быць не проста салдатамі, а слугамі, якія, па прыкладу Хрыста, ідуць насустрач тым, хто мае патрэбу ў дапамозе: не толькі супрацоўнікам Ватыкана, але і пілігрымам і турыстам. Папа заклікаў вартавых памятаць словы Езуса: “тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25:40).
Святы Айцец адзначыў, што начныя дзяжурствы ў цішыні і адзіноце могуць стаць спрыяльным часам для малітвы, разважання і паглыблення асабістых адносін з Богам.
На думку Папы, жыццё ў казарме дапамагае развіваць чалавечыя цноты служэння блізкаму, шчодрасці і пакоры. Ён падкрэсліў значэнне братэрскай салідарнасці і стварэння атмасферы гармоніі і радасці ўнутры корпуса, і заклікаў гвардзейцаў упарта ісці па гэтым складаным, але плённым шляху.
Напрыканцы сустрэчы Леў XIV аднавіў сваю падзяку швейцарцам за “руплівае і шчодрае служэнне”, сведкам якога ён з'яўляецца штодня. Ён благаславіў усіх прысутных, даручыўшы іх апецы Панны Марыі і святых апекуноў Швейцарскай гвардыі: святога Марціна Турскага, святога Себасцьяна і святога Мікалая з Флюэ.
