Пошук

Леў XIV падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў ватыканскай канферэнцыі па псіхічным здароўі моладзі Леў XIV падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў ватыканскай канферэнцыі па псіхічным здароўі моладзі  (@Vatican Media)

Пантыфік палітыкам: моладзі патрэбны сэнс жыцця, а не алгарытм

Леў XIV сустрэўся з удзельнікамі ватыканскай канферэнцыі, прысвечанай сувязі паміж адукацыяй, псіхічным здароўем і лічбавымі тэхналогіямі, заклікаўшы развіваць унутранае жыццё моладзі.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

30 мая 2026 года ў Зале Кансісторыя Пантыфік прыняў удзельнікаў сустрэчы "Карты надзеі для рэгіянальнай адукацыйнай праграмы: псіхічнае здароўе, лічбавыя тэхналогіі і адукацыя", якая была арганізавана Арганізацыяй ібераамерыканскіх дзяржаў, Папскай камісіяй па справах Лацінскай Амерыкі і Дыкастэрыяй па культуры і адукацыі.

Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў ватыканскай канферэнцыі па псіхічным здароўі моладзі
Падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў ватыканскай канферэнцыі па псіхічным здароўі моладзі   (@VATICAN MEDIA)

Звяртаючыся да прысутных, Леў XIV адзначыў, што сучасная адукацыя заклікана быць "мастацтвам ткаць супольнасць", а не будаваць ізаляваны індывідуалізм. Ён нагадаў, як старажытныя народы глядзелі на неба ў пошуках арыенціраў, і са шкадаваннем заўважыў, што найбольшым “збядненнем” сучаснасці з’яўляецца страта ўнутраных сузор’яў.

Паводле слоў Святога Айца, моладзь мае дасканалыя тэхналогіі, але часта не бачыць сэнсу жыцця і пакутуе ад псіхалагічнай крохкасці.

"Мы – гэта жаданне, а не алгарытм", - адзначыў Пантыфік. Ён патлумачыў, што чалавек глыбока пакутуе, калі яго зводзяць да прадукцыйнасці, спажывання ці статыстыкі. Многія маладыя людзі жывуць пад прыгнётам чаканняў і канкурэнцыі, што нараджае трывогу і страх. Таму праблему псіхічнага здароўя нельга вырашаць выключна клінічна або тэхнічна.

Навуковыя дасягненні неабходныя, аднак чалавек пераадольвае ўнутраную крохкасць тады, калі знаходзіць сэнс, адчувае сябе любімым і пакліканым. Надзея – гэта духоўная сіла, якая падтрымлівае жыццё.

"Калі тэхналогія нас злучае, адукацыя нас фарміруе", - падкрэсліў Святы Айцец. Недастаткова проста падключыць маладых людзей да лічбавых сетак, калі яны застаюцца адарванымі ад саміх сябе і свайго ўнутранага свету. Развіваць унутранае жыццё азначае дапамагаць новаму пакаленню па-новаму адкрыць для сябе цішыню, роздум, здольнасць задаваць пытанні і глыбіню адносін, бо голас душы – гэта не крык, а шэпат.

Агульнае фота з удзельнікамі ватыканскай канферэнцыі па псіхічным здароўі моладзі
Агульнае фота з удзельнікамі ватыканскай канферэнцыі па псіхічным здароўі моладзі   (@VATICAN MEDIA)

Пантыфік заклікаў дзяржаўныя інстытуты, школы, універсітэты, сем’і, рэлігійныя супольнасці, свет культуры і камунікацыі працаваць разам, умацоўваючы сетку супрацоўніцтва са Святым Пасадам на карысць інтэгральнага фарміравання моладзі.
 

30 мая 2026, 11:03