Леў XIV да фонду "Centesimus Annus": свабода – гэта дар сябе
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
30 мая 2026 года ў Клеменцінскай зале Апостальскага палаца Пантыфік сустрэўся з прадстаўнікамі фонду "Centesimus Annus Pro Pontifice". Вітаючы ўдзельнікаў генеральнай асамблеі і міжнароднай канферэнцыі, Папа падкрэсліў, што вывучэнне сацыяльнага вучэння Касцёла застаецца неад’емнай часткай касцельнай місіі. Ён адзначыў, што арыенціры для далейшай працы супольнасці змешчаны ў яго нядаўняй энцыкліцы "Magnifica Humanitas".
Шлях ад глабальных падзелаў да супольнай надзеі
Сёлета арганізатары абралі тэму, прысвечаную пошуку духоўнасці, свабодзе і плюралізму ў фрагментаваным свеце. Святы Айцец заўважыў, што чалавецтва сутыкнулася з войнамі і палярызацыяй, аднак менавіта ў часіны выпрабаванняў востра паўстаюць пытанні пра супольную будучыню.
Леў XIV нагадаў пра сапраўдны сэнс чалавечай свабоды, якую сёння часта памылкова атаясамліваюць з усёдазволенасцю. Паводле яго слоў, яе паўната раскрываецца ў адносінах і здольнасці любіць, бо, як пісаў святы Ян Павел ІІ, свабода жыве як "дар сябе і адкрытасць на іншых".
Вытокі сучаснага крызісу і цывілізацыя любові
Пантыфік патлумачыў, што аслабленне дэмакратыі і шматбаковых адносін у свеце выклікана антрапалагічным крызісам і забыццём Створцы. Выйсцем з гэтай сітуацыі павінна стаць штодзённая трываласць у дабры.
Папа працытаваў уласную энцыкліку, нагадваючы, што цывілізацыя любові не паўстане з аднаго або эфектнага жэсту, але з сумы малых і стойкіх учынкаў вернасці.
На заканчэнне Леў XIV заклікаў да шчырага дыялогу і падзякаваў прысутным за іх намаганні ў папулярызацыі сацыяльнага вучэння Касцёла.
