Папа заклікаў харызматаў служыць сваім парафіям і дыяцэзіям

Леў XIV сустрэўся з удзельнікамі каталіцкага харызматычнага абнаўлення, заклікаўшы іх служыць Касцёлу ў пакоры і пазбягаць спакусы пошуку асабістай улады.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

30 мая 2026 года ў Зале Паўла VI Святы Айцец прывітаў прадстаўнікоў малітоўных груп, супольнасцей і школ евангелізацыі, а таксама кіраўнікоў Міжнароднай службы камуніі "CHARIS".

Пантыфік адзначыў, што пасля Другога Ватыканскага Сабора гэтая плынь перажыла перыяд вялікага росту і глыбокай інтэграцыі ў жыццё Касцёла. Рух высока цанілі яго папярэднікі – ад Паўла VI, які бачыў у ім неабходнасць для секулярызаванага свету, да Папы Францішка, які называў харызматычнае абнаўленне "плыняй ласкі" для ўсяго Касцёла.

Ад унутранага вызвалення да малітвы хвалы

Імкнучыся ўмацаваць сувязь паміж Паўсюдным Касцёлам і харызматычнай сям'ёй, Леў XIV прапанаваў паразважаць над асновай іх досведу: хростам у Духу, малітвай хвалы, Божым словам, камуніяй і міласэрнасцю. Хрост у Духу, паводле слоў Папы, дазваляе ласцы хросту стаць дзейснай, прыносячы чалавеку ўнутранае прымірэнне, вызваленне ад граху і адкрытасць да будучыні. Гэтае глыбокае перажыванне змяняе жыццё і абуджае шчырую, спантанную малітву хвалы, а таксама вядзе да жывой сустрэчы са Святым Пісаннем як крыніцай духоўнага сілкавання і распазнання.

Супольнасць і міласэрнасць як сведчанне сапраўднага аблічча Бога

Кажучы пра камунію, Папа прыгадаў заклік Льва XIII штогод маліцца навэнну да Духа Святога за адзінства хрысціян, бо менавіта Дух стварае гармонію паміж рознымі харызмамі і канфесіямі. Акрамя таго, абноўленая прысутнасць Духа нараджае здольнасць любіць і натхняе на канкрэтныя справы міласэрнасці. "Заклікаю вас падтрымліваць жывой гэтую любоў да бедных, якая адкрывае сапраўднае аблічча Бога", - звярнуўся Пантыфік да прысутных.

На заканчэнне Леў XIV заклікаў харызматаў шчодра служыць сваім дыяцэзіям і парафіям, прапануючы свой досвед евангелізацыі. Ён параіў верна ісці за сваімі святарамі, прыслухоўвацца да мудрых парад нават па-за межамі руху і заўсёды дбаць пра згоду. Папа перасцярог ад спакусы самапіяру, пошуку ўлады ці асабістага прэстыжу, пажадаўшы, каб Дух Святы заставаўся святлом для каталіцкага харызматычнага абнаўлення, а Дзева Марыя – іх заступніцай.
 

30 мая 2026, 11:45