Папа на аўдыенцыі: ад малітвы за мір да абароны каштоўнасцей
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пасля асноўнай катэхезы Святы Айцец звярнуўся да вернікаў з розных краін свету. Яго пасланне выйшла далёка за межы звычайнага прывітання, ахапіўшы шырокі спектр тэм і стаўшы адказам на самыя вострыя праблемы сучаснасці, сярод якіх абарона міру і сацыяльнай справядлівасці.
Супрацьстаянне гвалту і сведчанне міру ў грамадстве
Звяртаючыся да франкамоўных гасцей, Пантыфік заклікаў не ўпадаць у роспач перад шматлікімі пакутамі і несправядлівасцю, якія нясе гвалт. Ён выказаў пажаданне, каб радасць Уваскрасення Хрыста дапамагла людзям кіравацца выключна абяцаннем Божага Валадарства.
Гэтую ж думку працягнуў зварот да кітаямоўных вернікаў: Леў XIV папрасіў іх трымацца Хрыста, каб заставацца сапраўднымі сведкамі справядлівасці, любові і міру.
Леў XIV нагадаў нямецкамоўным вернікам пра асаблівы статус мая, традыцыйна прысвечанага Найсвяцейшай Панне Марыі. Менавіта ёй Папа прапанаваў даверыць не толькі ўсе асабістыя інтэнцыі, але і вялікія глабальныя выклікі нашага часу, бо Багародзіца з'яўляецца знакам пэўнай надзеі і суцяшэння.
Маральны парадак, еднасць і скіраванасць да Валадарства Божага
Тэма захавання ідэнтычнасці прагучала ў слове да палякаў. Узгадваючы святога Станіслава, які лічыцца апекуном маральнага парадку іх Бацькаўшчыны, Пантыфік заклікаў маліцца аб дары адзінства і павагі да хрысціянскіх каштоўнасцей у грамадстве.
Іспанамоўных пілігрымаў, сярод якіх прысутнічалі новапасвечаныя святары, ён папрасіў захоўваць звышнатуральны погляд на рэчаіснасць і не дазваляць часовым цяжкасцям збіць сябе са шляху.
Кажучы пра сувязь паміж зямным і вечным жыццём, Святы Айцец нагадаў партугаламоўным пілігрымам, што нашай канчатковай Радзімай з'яўляецца неба. Пакуль мы крочым па гэтым свеце, Папа заклікаў не забывацца маліцца за памерлых і звяртацца па заступніцтва да святых, бо разам з імі мы ўсе ствараем адзін Касцёл.
Напрыканцы аўдыенцыі Леў XIV традыцыйна прывітаў моладзь, хворых і маладых сужэнцаў. Узгадваючы літургічны ўспамін святога Дамініка Савіо, Папа пажадаў, каб прыклад вернасці гэтага юнака Богу ў любых абставінах дапамог кожнаму з іх велікадушна адказваць на натхненні Духа Святога.
