Пошук

Папа Леў XIV і маладая сям'я. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV і маладая сям'я. Ілюстрацыйнае фота

Папа: сям’я знаходзіць сваю сапраўдную тоеснасць у Хрысце

Крызісы і ўразлівасць сем’яў патрабуюць ад душпастыраў міласэрнага падыходу і сталай праніклівасці, а ад саміх сужэнцаў – вяртання да простых цнотаў Святой Сям’і, заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

30 мая Леў XIV скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў бразільскага агульнанацыянальнага сімпозіума сем’яў, які распачаўся ў марыйным санктуарыі ў Апарэсідзе пад эгідай Канферэнцыі Біскупаў Бразіліі.

Пантыфік выказаў духоўную еднасць з удзельнікамі форума і падкрэсліў надзвычайную важнасць тэмы сям’і для сучаснага свету. “Касцёл вучыць, што сям'я з'яўляецца “першай і фундаментальнай ячэйкай грамадства”, і таму яе трэба абараняць і падтрымліваць”, - нагадаў ён словы Пія XII.

Папа заўважыў, што сям’я – “пакліканая абвяшчаць Божую любоў у сучасным свеце” і “адзіная ў сваім родзе супольнасць асоб, утвораная мужчынам і жанчынай, настолькі з’яднанымі ў любові, што яны становяцца “адным целам”, – “цалкам усведамляе сваю тоеснасць толькі тады, калі глядзіць на Пана Езуса і на ахвяру, якую Ён склаў з Сябе на крыжы дзеля Сваёй Нявесты, Касцёла”. “Менавіта ў Хрысце мы вучымся бачыць у іншым вобраз Бога, любячы бліжняга так, як Ён палюбіў нас”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа заклікаў не заплюшчваць вочы на праблемы, з якімі сутыкаюцца сем’і, і адказваць на іх з міласэрнасцю і праніклівасцю. “На сем’і неабходна глядзець з рэалізмам і спагадай, ведаючы пра шматлікія цяжкасці, якія іх закранаюць, а менавіта пра іх уразлівасць, крызісы, трывогі і многія іншыя сітуацыі пакут. Усё гэта патрабуе ад Касцёла і душпастырскіх работнікаў міласэрнага падыходу, а таксама разважлівасці і сталай праніклівасці”, - сказаў ён.

Святы Айцец заахвоціў адрасатаў звароту ўглядацца ў прыклад Святой Сям’і з Назарэта. “Малыя і фундаментальныя цноты хатняга агменю, у якім нарадзіўся і вырас Езус, вучачыся ў святога Юзафа і Панны Марыі, павінны служыць натхненнем і ўзорам для ўсіх нашых сем’яў, быць крыніцай для пошуку сапраўднага супакою. Сапраўды, як адзначыў Бэнэдыкт XVI, сям’я выконвае першасную і незаменную місію як “настаўніца міру””, - падкрэсліў Пантыфік, удзяляючы ўдзельнікам кангрэсу сваё благаслаўленне.
 

30 мая 2026, 14:30