Папа: няхай Божая мудрасць натхніць кіраўнікоў дзяржаў на пошук міру
На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла 31 мая 2026 года ў Ватыкане, Леў XIV заклікаў маліцца аб міры і выказаў падтрымку тым, хто пашырае культуру блізкасці і клопату.
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік заўважыў, што на працягу мая ўвесь Касцёл узносіў супольную малітву аб міры ў свеце. “Асабліва праз малітву святога Ружанца, нібы ў бесперапынным ланцугу, ён давяраў заступніцтву Панны Марыі народы, змучаныя вайной. Няхай жа Божая Мудрасць асвеціць сумленне тых, хто мае ўладу, і скіруе іх рашэнні да шчырага пошуку справядлівага і трывалага міру”, - пажадаў Папа.
Леў XIV таксама заўважыў, што 31 мая ў Італіі адзначаецца 25-ы Дзень палёгкі ў пакутах. “Я духоўна блізкі з хворымі людзьмі і тымі, хто пра іх клапоціцца; дзякую і падтрымліваю ўсіх, хто пашырае культуру блізкасці і клопату”, - сказаў ён.
31 мая 2026, 12:33
