Леў XIV: Касцёл служыць прыйсцю Божага Валадарства
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Эсхаталагічнае вымярэнне Касцёла ў дагматычнай канстытуцыі “Lumen gentium” было тэмай чарговай катэхезы Папы з цыклу, прысвечанага дакументам Другога Ватыканскага Сабора. Ён нагадаў, што “Касцёл пілігрымуе праз зямную гісторыю, заўсёды скіраваны да канчатковай мэты, якой з’яўляецца нябесная Айчына”. “Гэта надзвычайна важны аспект, які, аднак, мы часта выпускаем з поля зроку або прымяншаем, бо занадта засяроджаныя на тым, што бачнае, і на больш канкрэтнай дынаміцы хрысціянскай супольнасці”, - сказаў Пантыфік.
“Касцёл – гэта Божы народ, які пілігрымуе ў гісторыі, а мэтай усёй яго дзейнасці ёсць Божае Валадарства. Езус стварыў Касцёл менавіта абвяшчаючы гэта Валадарства любові, справядлівасці і міру. Таму мы пакліканы ўлічваць абшчынны і паўсюдны аспект збаўлення ў Хрысце і скіроўваць позірк на гэты канчатковы гарызонт, каб выносіць суджэнне і ацэнку пра ўсё з гэтага пункту гледжання”, - дадаў Папа.
“Касцёл жыве ў гісторыі, служачы прыйсцю Божага Валадарства ў свеце. Ён абвяшчае ўсім і заўсёды словы гэтага абяцання, атрымлівае яго задатак у цэлебрацыі сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, спаўняе і спазнае яго сэнс у адносінах любові і служэння. Акрамя таго, Касцёл асэнсоўвае, што з’яўляецца месцам і сродкам, дзе яднанне з Хрыстом ажыццяўляецца “мацней”, прызнаючы ў той жа час, што збаўленне можа быць падаравана Богам у Святым Духу нават па-за яго бачнымі межамі”, - заўважыў Святы Айцец.
Папа нагадаў, што на гэты конт канстытуцыя “Lumen gentium” робіць важнае сцвярджэнне, называючы Касцёл “паўсюдным сакрамэнтам збаўлення”, гэта значыць, што ён з’яўляецца “знакам і прыладай паўнаты жыцця і міру, абяцаных Богам”.
“Касцёл не атаясамліваецца цалкам з Божым Валадарствам, але з’яўляецца яго зародкам і пачаткам, бо яго паўната будзе падаравана чалавецтву і сусвету толькі напрыканцы вякоў. Таму тыя, хто верыць у Хрыста, ідуць па гэтым зямным шляху, пазначаным саспяваннем дабра, але таксама і несправядлівасцю і пакутамі, не маючы ні ілюзій, ні роспачы; яны жывуць, арыентуючыся на абяцанне, атрыманае ад Таго, які “чыніць усё новае” (Ап 21,5). Таму Касцёл спаўняе сваю місію паміж “ужо” пачатым Божым Валадарствам у Езусе і “яшчэ не” споўненым і чаканым абяцаннем. Будучы захавальнікам надзеі, якая асвятляе шлях, Касцёл таксама надзелены місіяй прамаўляць ясныя словы, каб адрынаць усё, што забівае жыццё і перашкаджае яго развіццю, і займаць пазіцыю на карысць бедных, эксплуатаваных, ахвяр гвалту і войнаў і ўсіх, хто пакутуе ў целе і душы”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Пантыфік заўважыў, што “Касцёл, будучы знакам і сакрамэнтам Божага Валадарства, уяўляе сабой Божы народ, які пілігрымуе на зямлі і, абапіраючыся менавіта на канчатковае абяцанне, чытае і інтэрпрэтуе на аснове Евангелля дынаміку гісторыі, выкрываючы зло ва ўсіх яго формах і абвяшчаючы словамі і справамі збаўленне, якое Хрыстус жадае ажыццявіць для ўсяго чалавецтва, і Яго Валадарства справядлівасці, любові і міру”. “Такім чынам, Касцёл не абвяшчае самога сябе; наадварот – усё ў ім павінна ўказваць на збаўленне ў Хрысце”, - дадаў ён.
“У гэтай перспектыве Касцёл пакліканы пакорна прызнаваць чалавечую слабасць і тленнасць сваіх інстытутаў, якія, хоць і служаць Божаму Валадарству, носяць на сабе выгляд прамінаючага свету. Ніводны касцельны інстытут не можа ўзводзіцца ў ранг абсалюта; наадварот, паколькі яны існуюць у гісторыі і часе, яны пакліканы да пастаяннага навяртання, абнаўлення форм і рэформы структуры, да пастаяннага абнаўлення адносін, каб маглі па-сапраўднаму адпавядаць сваёй місіі”, - сказаў Папа.
Пантыфік заўважыў, што з пункту гледжання Божага Валадарства павінны разумецца таксама і адносіны паміж хрысціянамі, якія выконваюць сваю місію сёння, і тымі, хто ўжо скончыў зямное жыццё і знаходзіцца на этапе ачышчэння ці благаслаўлення.
“Lumen gentium” сцвярджае, што ўсе хрысціяне складаюць адзіны Касцёл, што існуюць еднасць і сумесны ўдзел у духоўных дабротах, заснаваныя на адзінстве ўсіх вернікаў з Хрыстом, братэрскі клопат паміж зямным Касцёлам і нябесным: тая еднасць святых, якая асаблівым чынам перажываецца ў літургіі. Молячыся за памерлых і ідучы па слядах тых, хто ўжо жыў як вучні Езуса, мы таксама атрымліваем падтрымку на нашым шляху і робім мацнейшым пакланенне Богу: пазначаныя адзіным Духам і аб’яднаныя ў адзінай літургіі, разам з тымі, хто папярэднічаў нам у веры, мы ўзносім праслаўленне і хвалу Найсвяцейшай Тройцы”, - дадаў Папа.
Напрыканцы катэхезы Леў XIV заклікаў быць “удзячнымі саборным Айцам за тое, што яны нагадалі нам пра гэты важны і цудоўны аспект хрысціянскага жыцця, і намагацца развіваць яго ў сваім жыцці”.
