Пошук

Сустрэча з супольнасцю "Віла Назарэт" Сустрэча з супольнасцю "Віла Назарэт"  (@VATICAN MEDIA)

Леў XIV: адукацыя моладзі – ключ да гармоніі ў грамадстве

Папа падкрэсліў ролю хрысціянскага выхавання моладзі ў фарміраванні культуры міру і служэння грамадству, а таксама заклікаў дапамагчы маладым людзяі аб’яднаць веру, веды і жыццё.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

30 мая 2026 года Леў XIV сустрэўся ў Ватыкане з супольнасцю рымскага адукацыйнага цэнтра “Віла Назарэт” і членамі фонду, які падтрымлівае дзейнасць гэтай структуры, заснаванай 80 гадоў таму кардыналам Даменіка Тардзіні.

Святы Айцец нагадаў, што “Віла Назарэт” узнікла ў 1946 годзе, адразу пасля Другой сусветнай вайны, як “знак і інструмент адукацыі і міру”. Заснавальнік структуры, кардынал Тардзіні, разумеў, што гармонія і прагрэс у грамадстве магчымыя толькі праз выхаванне моладзі, “здольнай рабіць дабро і жыць паводле Евангелля ў сям’і, месцах вучобы і працы”.

Пантыфік пажадаў, каб “Віла Назарэт” была “агменем і кузняй хрысціянскай думкі, дзе злучэнне інтэлектуальных, маральных і эканамічных намаганняў людзей розных пакаленняў і сфер жыцця спрыяе паглыбленню, росту і распаўсюджванню культуры, усё больш асветленай вучэннем Евангелля”.

Папа адзначыў актуальнасць гэтага закліку сёння, у час, калі моладзь мае “цудоўныя магчымасці і сродкі для пазнання і росту, але таксама моцна патрабуе святла і кіраўніцтва, перш за ўсё для таго, каб аб’яднаць розум і дух, веру, вучобу, прафесійную дзейнасць і жыццё”.

Святы Айцец падзякаваў выхавацелям, выпускнікам і сябрам адукацыйнай ініцыятывы, якія ўнеслі свой уклад у яе развіццё, і заклікаў іх з абноўленай рашучасцю працягваць працу, якая з’яўляецца важным унёскам і ўзбагачае Касцёл і грамадства.
 

30 мая 2026, 17:59