Пошук

Святы Айцец: кнігі – проціяддзе ад замкнёнасці мыслення

Леў XIV нагадаў, што кнігі стымулююць мысленне і засцерагаюць ад ідэалагічных спрошчанняў, спрыяюць сустрэчы і дыялогу паміж людзьмі, а таксама з’яўляюцца магчымасцю для абвяшчэння Евангелля.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

7 мая 2026 года Папа прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва і супрацоўнікаў Ватыканскага выдавецтва (Libreria Editrice Vaticana). Сустрэча была прымеркавана да стагоддзя гэтай структуры – у 1926 годзе яна стала самастойнай, аддзяліўшыся ад больш старажытнай Ватыканскай тыпаграфіі, заснаванай яшчэ ў 1587 годзе.

“За гэтыя сто гадоў свайго існавання Ватыканскае выдавецтва служыла дзевяці Пантыфікам, распаўсюджваючы іх вучэнне як уклад у абвяшчэнне Евангелля ў свеце”, - зазначыў Святы Айцец.

Чытанне засцерагае ад ідэалагічных спрошчанняў

Леў XIV падзяліўся са сваімі гасцямі думкамі пра ролю кніг і чытання ў жыцці чалавека, грамадства і Касцёла. У першую чаргу ён адзначыў, што кнігі стымулююць мысленне, што асабліва каштоўна ў сучасным кантэксце, пазначаным развіццём тэхналогій.

“У эпоху лічбавых тэхналогій матэрыяльнасць кнігі нагадвае нам пра важнасць думкі, разважання і вывучэння. Чытанне – гэта пажыва для розуму; яно дапамагае фармаваць свядомы і сталы крытычны погляд, засцерагае ад фундаменталізму і ідэалагічных спрошчанняў. Таму я заклікаю ўсіх чытаць кнігі як проціяддзе ад замкнёнасці мыслення, якая адлюстроўваецца ў жорсткіх пазіцыях і спрошчаным бачанні рэчаіснасці”, - сказаў Папа.

Кніга – мост да іншых і нагода для дыялогу

Пантыфік адзначыў, што кніга можа быць таксама “нагодай для сустрэчы”. “Калі мы трымаем у руках кнігу, то ў пэўным сэнсе сустракаемся з яе аўтарам. Але адначасова мы сустракаемся і з тымі, хто чытаў яе да нас, хто чытае цяпер або будзе чытаць пазней. І ўсё часцей узнікаюць нагоды, калі пісьменнікі і чытачы збіраюцца разам, каб гаварыць і слухаць адно аднаго. Папа Францішак вучыў нас практыкаваць культуру сустрэчы: кніга – гэта мост да іншых, нагода для дыялогу, які ўзбагачае нас, імпульс да пашырэння ўласнага погляду”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Магчымасць абвяшчаць Хрыста і жывіцца Божым словам

Папа адзначыў, што хрысціянам кніга дае “магчымасць абвяшчаць Хрыста”. “Мы добра ведаем, як чытанне біяграфіі святога або добра прадстаўленага духоўнага разважання можа закрануць сэрца. Найсвяцейшая Панна Марыя часта адлюстроўваецца ў сцэне Звеставання за чытаннем Святога Пісання. Святы Антоній Падуанскі трымае расчыненую кнігу Евангелля, на якой стаіць Дзіцятка Езус. Святога Аўгустына мы часта бачым сядзячым за пісьмовым сталом перад вялікай кнігай, а часам ён трымае ў руцэ сэрца, што сімвалізуе праўду і любоў. Па прыкладзе Марыі і святых давайце будзем жывiцца Божым словам, каб яно фармавала наш спосаб мыслення і дзеяння”, - заклікаў Леў XIV.
 

07 мая 2026, 13:30