Візіт па-за пратаколам: Папа сустрэўся з дзецьмі ў Алжыры
Перш чым пакінуць Алжыр і адправіцца ў Камерун, Святы Айцец наведаў каталіцкі дзіцячы садок. Візіт не быў прадугледжаны афіцыйнай праграмай яго падарожжа.
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Раніцай 15 красавіка 2026 года, развітаўшыся з супрацоўнікамі нунцыятуры ў Алжыры, Леў XIV здзейсніў кароткі візіт у дзіцячы садок Маці Божай Афрыканскай, якім кіруюць духоўныя дочкі святой Маці Тэрэзы з Калькуты – Сёстры Місіянеркі Любові.
Зала Друку Апостальскай Сталіцы лаканічна паінфармавала, што дзеці паказалі Папу кароткі спектакль. Затым, перш чым адправіцца ў аэрапорт, Святы Айцец прывітаў іх і манахінь.
Леў XIV знаходзіўся ў Алжыры з 13 па 15 красавіка. Гэта быў першы ў гісторыі візіт Рымскага Пантыфіка на алжырскую зямлю. Папа сустрэўся з уладамі краіны, мясцовай каталіцкай супольнасцю, наведаў галоўную мячэць і месцы, звязаныя з жыццём і служэннем святога Аўгустына.
15 красавіка 2026, 11:58
