Слова Папы да ватыканскіх акадэмікаў: легітымнасць улады і мір
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сваім звароце Святы Айцец падзякаваў канцлеру акадэміі кардыналу Пітэру Тарксану і старшыні сястры Хелен Алфард за выбар тэмы, якая з’яўляецца надзвычай актуальнай у часы глыбокіх глабальных змен. Паводле Пантыфіка, каталіцкае сацыяльнае вучэнне разглядае ўладу не як самамэту, а як сродак, скіраваны на дасягненне агульнага дабра.
Святы Айцец падкрэсліў, што мудрасць дазваляе адрозніваць сапраўднае дабро ад марнаслаўя. У ажыццяўленні ўлады важную ролю адыгрываюць справядлівасць, мужнасць і стрыманасць. Апошняя, як заўважыў Папа, служыць надзейнай абаронай ад злоўжыванняў і празмернага самаўзвышэння.
Гаворачы пра дэмакратыю, Леў XIV адзначыў, што яна павінна быць не проста фармальнай працэдурай, а прызнаннем годнасці кожнага чалавека. Спасылаючыся на энцыкліку святога Яна Паўла II “Centesimus Annus”, ён нагадаў, што Касцёл шануе дэмакратычную сістэму за магчымасць удзелу грамадзян у палітычным выбары і падсправаздачнасць тых, хто кіруе. Аднак здароўе дэмакратыі залежыць ад яе каранёў у маральным законе. Без гэтага яна рызыкуе ператварыцца ў тыранію большасці або шырму для панавання эліт.
Пантыфік звярнуў увагу на тое, што прынцыпы справядлівасці павінны вызначаць і міжнародны парадак. Стабільнасць у свеце не можа будавацца выключна на балансе сіл або тэхнакратычнай логіцы. Леў XIV заклікаў да “лепшага тыпу палітыкі”, пра якую пісаў Папа Францішак у “Fratelli tutti”, і падкрэсліў неабходнасць адважнага пераасэнсавання мадальнасці міжнароднага супрацоўніцтва.
У завяршэнні паслання Папа нагадаў, што Божая ўсемагутнасць выяўляецца ў міласэрнасці. Менавіта логіка любові павінна адушаўляць гісторыю, ператвараючы “зямны горад” у правобраз “Горада Божага”.
Сапраўдны мір, чарговы раз заўважыў Пантыфік, – гэта не простая адсутнасць канфліктаў, а плён справядлівасці і ўлады, пастаўленай на службу кожнаму чалавеку.
