Леў XIV: візіт у Афрыку дапамог зрабіць чутным голас яе народаў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Ад самага пачатку пантыфікату я думаў пра падарожжа ў Афрыку. Дзякую Пану за тое, што дазволіў мне яго здзейсніць, як пастыру, каб сустрэць і падтрымаць Божы народ; а таксама, каб перажыць яго як пасланне міру ў гістарычны момант, пазначаны войнамі і цяжкімі і частымі парушэннямі міжнароднага права”, - падкрэсліў Папа.
Па слядах святога Аўгустына
Пантыфік нагадаў, што першым этапам яго пілігрымкі, якая прайшла з 13 па 23 красавіка, сталі мясціны святога Аўгустына – гэта значыць Алжыр, дзе ён мог умацаваць масты, вельмі важныя для свету і Касцёла сёння: масты з вельмі плённай эпохай Айцоў Касцёла, ісламскім светам і афрыканскім кантынентам.
Папа заўважыў, што візіт у гэту краіну стаў магчымасцю паказаць свету магчымасць братэрскага жыцця паміж людзьмі розных веравызнанняў, калі яны прызнаюць сябе дзецьмі адзінага міласэрнага Айца, і нагадаць пра актуальнасць вучэння святога Аўгустына, “настаўніка пошуку Бога і праўды”, сведчанне якога як ніколі важнае сёння.
Соль зямлі і святло свету
Леў XIV заўважыў, што наступныя краіны яго пілігрымкі былі з хрысціянскай большасцю: гэта дазволіла яму пагрузіцца ў атмасферу свята веры і цёплага прыёму з рысамі афрыканскай культуры. “Як і мае папярэднікі, я перажыў тое, што здаралася з Езусам, калі Ён сустракаў натоўпы ў Галілеі: Ён бачыў людзей, што прагнулі справядлівасці, абвяшчаў ім: “Шчаслівыя бедныя, шчаслівыя лагодныя, шчаслівыя міратворцы...” і, прызнаючы іх веру, казаў: “Вы – соль зямлі і святло свету”, - падкрэсліў Папа.
Камерун – “Афрыка ў мініяцюры”
Святы Айцец адзначыў, што падарожжа ў Камерун – краіну, пазначаную напружанасцю і гвалтам, – а асабліва візіт у Баменду ў англамоўным рэгіёне, далі яму магчымасць умацаваць заклік да прымірэння і міру.
“Камерун называюць “Афрыкай у мініяцюры”, у сувязі з вялікай разнастайнасцю і багаццем яго прыроды і рэсурсаў, але мы можам разумець гэты выраз таксама ў тым сэнсе, што ў Камеруне можна сустрэць вялікія патрэбы ўсяго кантынента”, - сказаў Пантыфік, запэўніваючы ў малітве аб тым, каб дух адзінства ў краіне, які выявіўся падчас яго візіту, захоўваўся і накіроўваў будучыя рашэнні і дзеянні.
Свабодны Касцёл для свабоднага народа
Трэцім этапам падарожжа Льва XIV была Ангола – вялікая краіна са старажытнай хрысціянскай традыцыяй, якая пасля атрымання незалежнасці перажыла перыяд доўгай і крывавай грамадзянскай вайны. “У гарніле гэтай гісторыі Бог вёў і ачышчаў Касцёл, усё больш звяртаючы яго да служэння Евангеллю, развіццю чалавецтва, прымірэння і міру. Свабодны Касцёл для свабоднага народа!”, - сказаў Папа.
Леў XIV заўважыў, што ў мясцовым марыйным санктуарыі ў Мушыме ён “адчуў як б’ецца сэрца ангольскага народа”, а падчас розных сустрэч з радасцю ўбачыў вялікую колькасць манахаў і манахінь, “якія з’яўляюцца прароцтвам Нябеснага Валадарства” сярод свайго народа.
“Я бачыў катэхетаў, якія цалкам прысвяцілі сябе дабру супольнасцей; я бачыў твары пажылых людзей, якія мелі сляды цяжкай працы і пакут, але былі працятыя радасцю Евангелля; я бачыў жанчын і мужчын, якія танцавалі ў рытме песень праслаўлення Уваскрослага Пана – фундаменту надзеі, якая супрацьстаіць расчараванням, выкліканым ідэалогіямі і пустымі абяцаннямі магутных”, - дадаў ён.
Святы Айцец заўважыў, што падтрыманне гэтай надзеі “патрабуе канкрэтных дзеянняў, а Касцёл мае адказнасць за тое, каб праз сведчанне і мужнае абвяшчэнне Божага слова прызнаваць правы ўсіх і прасоўваць іх сапраўдную павагу”. “Я запэўніў грамадзянскія ўлады Анголы, а таксама іншых краін, у жаданні Каталіцкага Касцёла працягваць рабіць гэты ўнёсак, асабліва ў сферы аховы здароўя і адукацыі”, - нагадаў Папа.
Знак Божага Валадарства ў Экватарыяльнай Гвінеі
Апошні этап пілігрымкі Святога Айца прайшоў у Экватарыяльнай Гвінеі і быў прымеркаваны да 170-годдзя яе евангелізацыі. Ён заўважыў, што “абапіраючыся на мудрасць традыцый і святло Хрыста, гвінейскі народ прайшоў праз усе перыпетыі сваёй гісторыі”, а ў прысутнасці Папы “зноў пацвердзіў сваё імкненне ісці ў адзінстве насустрач будучыні, поўнай надзеі”.
“Я не магу забыцца пра тое, што адбылося ў турме Баты ў Экватарыяльнай Гвінеі: зняволеныя ва ўвесь голас спявалі песню падзякі Богу і Папу, просячы памаліцца “за іх грахі і свабоду”. Я ніколі не бачыў нічога падобнага. А потым яны разам са мной маліліся “Ойча наш” пад праліўным дажджом. Гэта сапраўдны знак Божага Валадарства!”, - сцвердзіў Леў XIV.
Папа расказаў, што таксама пад дажджом пачалася яго вялікая сустрэча з моладдзю, якая стала “святам хрысціянскай радасці з кранальнымі сведчаннямі маладых людзей, што знайшлі ў Евангеллі шлях свабоднага і адказнага росту”. “Кульмінацыяй гэтага свята стала эўхарыстычная цэлебрацыя на наступны дзень, якая годна ўвянчала візіт у Экватарыяльную Гвінею і ўсё апостальскае падарожжа”, - дадаў ён.
Магчымасць зрабіць чутным голас афрыканскіх народаў
“Дарагія браты і сёстры, візіт Папы з’яўляецца для афрыканскіх народаў магчымасцю зрабіць чутным іх голас, выразіць радасць быцця Божым народам і надзею на лепшую будучыню, на годнасць для кожнага і для ўсіх. Я шчаслівы, што даў ім гэтую магчымасць, а ў той жа час дзякую Пану за тое, што яны далі мне – неацэннае багацце для майго сэрца і служэння”, - завяршыў свой аповед Святы Айцец.
