Пошук

Мурал з выявай Папы Льва XIV і прывітальнымі словамі на фоне нацыянальных сімвалаў Анголы ў горадзе Казенга Мурал з выявай Папы Льва XIV і прывітальнымі словамі на фоне нацыянальных сімвалаў Анголы ў горадзе Казенга  (ANSA)

Леў XIV накіруецца ў Анголу: пачатак новай місіі міру і надзеі

Леў XIV наведвае Анголу як пілігрым надзеі. У цэнтры візіту – санктуарый “Маці Сэрца” і падтрымка народа, які ўсё яшчэ гоіць раны пасля доўгай грамадзянскай вайны, што скончылася ў 2002 годзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Трэці этап афрыканскага падарожжа Пантыфіка мае глыбокае сімвалічнае адлюстраванне ў афіцыйным лагатыпе: чырвоны контур краіны нагадвае пра кроў, пралітую жыхарамі гэтай былой партугальскай калоніі. Аднак побач з гэтым знакам пакут месціцца галінка мулембы – мясцовага фігавага дрэва, якая разам з крыжам сімвалізуе працу і Эўхарыстыю, накіроўваючы позірк грамадства да будучыні, напоўненай годнасцю.

Візіт Святога Айца працягнецца каля 65 гадзін і ахопіць тры ключавыя гарады краіны

Праграма Лева XIV вельмі насычаная: ад суботы, 18 красавіка 2026 года, да аўторка, 22 красавіка 2026 года, ён наведае сталічную Луанду, Мушыму з яе знакамітым марыйным санктуарыем “Маці Сэрца” і Саурымо.

Менавіта ў апошнім горадзе Папа наведае пансіянат для пажылых і ўзначаліць святую Імшу. Лагістыка гэтага этапу ўражвае: агульная дыстанцыя пералётаў перавысіць 5300 кіламетраў. Каб дабрацца да Саурымо, трэба будзе пераадолець амаль 950 кіламетраў самалётам, у то час як да Мушымы Пантыфік накіруецца на верталёце.

Старшыня епіскапату Анголы выказаў надзею на тое, што гэтая сустрэча дасць людзям сілы стаць жывымі сведкамі Божай любові. Папа, вядомы як паліглот, звернецца да вернікаў з шасцю прамовамі. Пасля краін, дзе гучалі французская і англійская мовы, Леў XIV будзе прамаўляць па-партугальску, хоць падчас літургій будуць выкарыстоўвацца і мясцовыя дыялекты.

Каталіцкі Касцёл у Анголе з’яўляецца адным з самых дынамічных на кантыненце, ахопліваючы больш за 56 працэнтаў насельніцтва

Нягледзячы на тое, што канстытуцыя краіны гарантуе падзел Касцёла і дзяржавы, рэлігія адыгрывае фундаментальную ролю ў жыцці 35-мільённага грамадства. Хрысціяне складаюць тут звыш 90 працэнтаў жыхароў.

Каталіцкая структура ўражвае сваім маштабам: 5 метраполій, 15 дыяцэзій і больш за паўтары тысячы душпастырскіх цэнтраў. Цікава, што нагрузка на духавенства застаецца вельмі высокай – на аднаго святара прыпадае больш за 13 тысяч вернікаў, што значна больш, чым у Камеруне ці Экватарыяльнай Гвінеі.

Акрамя духоўнай місіі, Касцёл з’яўляецца галоўным грамадскім партнёрам краіны. У распараджэнні католікаў знаходзіцца 48 бальніц, 112 сіроцкіх дамоў і 530 навучальных устаноў, дзе атрымліваюць адукацыю амаль 470 тысяч чалавек.

Важным інструментам касцельнага голасу ў грамадскай прасторы застаецца папулярнае Радыё “Ecclesia”, якое дапамагае несці пасланне аб абнаўленні і міры ў самыя аддаленыя куткі Анголы.
 

18 красавіка 2026, 10:21