Леў XIV у Камеруне: не баяцца асуджаць зло, каб змяняць краіну
Аляксандр Панчанка – Vatican News
16 красавіка 2026 года Леў XIV узначаліў святую Імшу ў інтэнцыі міру і справялівасці. Яна прайшла на тэрыторыі аэрапорта ў горадзе Бамэнда, які Папа наведаў у рамках свайго апостальскага падарожжа ў Камерун. У літургіі бралі ўдзел каля 20 тысяч чалавек. Звяртаючыся да мясцовых католікаў, Пантыфік падкрэсліў, што прыбыў да іх “як пілігрым міру і адзінства”, каб раздзяліць іх шлях, цяжкасці і спадзяванні.
Папа спаслаўся на святочныя і радасныя элементы, уласцівыя літургіі і малітве камерунскіх вернікаў, назваўшы гэтыя асаблівасці знакам іх непахіснай надзеі, даверу і жадання еднасці з Богам, які “глядзіць са спагадай на пакуты сваіх дзяцей”.
Пантыфік звярнуў увагу на шматлікія цяжкасці, якія перажывае насельніцтва Камеруна, сярод якіх згадаў беднасць, карупцыю, злоўжыванні ў кіраванні багаццямі, праблемы ў сферы адукацыі і аховы здароўя, міграцыю моладзі. “Да ўнутраных праблем, часта падсілкаваных нянавісцю і гвалтам, дадаецца таксама зло, прынесенае звонку – тымі, хто дзеля атрымання нажывы працягвае накладаць рукі на афрыканскі кантынент, каб эксплуатаваць і рабаваць яго”, - дадаў Святы Айцец.
Леў XIV заахвоціў каталіцкую супольнасць Камеруна не апускаць рукі перад абліччам гэтых выклікаў, бо менавіта цяпер настаў час змяніць гісторыю краіны, аднавіць адзінства народа і будаваць грамадства, у якім будуць валадарыць супакой і прымірэнне. У гэтым кантэксце ён заклікаў звяртацца да Божага слова і памятаць, што “Бог чыніць новым усё” і “робіць нас адважнымі людзьмі, якія кідаюць выклік злу і будуюць дабро”.
Папа падкрэсліў, што “мы бачым гэта ў сведчанні апосталаў”, бо калі Пятра і іншых вучняў пераследавалі за публічнае вызнанне веры ў Хрыста, яны адказалі: “Трэба слухацца Бога больш, чым людзей. Бог айцоў нашых уваскрасіў Езуса, якога вы схапілі і павесілі на дрэве” (Дз 5,29-30).
“Мужнасць апосталаў выяўляецца ў крытычным мысленні, прароцтве, асуджэнні зла – а гэта першы крок, каб змяніць сітуацыю”, - падкрэсліў Святы Айцец, дадаючы, што “той, хто слухаецца Бога больш, чым людзей”, той “нанова знаходзіць уласную ўнутраную свабоду, становіцца здольным разумець каштоўнасць дабра і не скарацца перад злом, адкрываецца на шляхі жыцця, становіцца будаўніком міру і братэрства”.
“Браты і сёстры, суцяшэнне для разбітых сэрцаў і надзея на змены ў грамадстве магчымыя, калі давяраем Богу і Яго слову. Аднак мы заўсёды павінны захоўваць у сэрцы і памяці заклік апостала Пятра: слухацца Бога, а не людзей. Слухацца Яго – бо Бог толькі Ён. А гэта запрашае нас прасоўваць інкультурацыю Евангелля і быць пільнымі, каб у нашым рэлігійным жыцці не трапіць у пастку тых шляхоў, дзе каталіцкая вера змешваецца з іншымі вераваннямі і традыцыямі эзатэрычнага і гнастычнага роду, якія на самай справе часта маюць палітычныя і эканамічныя мэты. Толькі Бог вызваляе, толькі Яго слова адкрывае сцежкі свабоды, толькі Яго Дух робіць новымі людзьмі, якія могуць змяніць гэту краіну”, - падкрэсліў Пантыфік.
