Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа – Біблійнай камісіі: быць чуллівымі да тых, хто пакутуе

Леў XIV накіраваў пасланне да членаў Папскай біблійнай камісіі з нагоды яе пленарнай сесіі, якая праходзіць 13-17 красавіка 2026 года. Галоўная тэма асамблеі – хваробы і пакуты ў Бібліі.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваім звароце Папа адзначыў, што крохкасць, хваробы і смерць – гэта частка жыцця кожнага чалавека. Чаму хвароба? Чаму пакуты? Чаму смерць? Перад гэтымі пытаннямі людзі, нават вернікі, могуць адчуваць разгубленасць, нават адчай і бунт супраць Бога, - напісаў Святы Айцец.

З іншага боку, боль і хвароба могуць зрабіць чалавека мудрэйшым і больш сталым, дапамагчы яму адрозніць галоўнае ад другаснага і наблізіцца да Бога. Папа заклікаў біблістаў аб'яднаць у сваёй працы навуковыя даследаванні і ўвагу да жыццёвага вопыту, каб асвятліць нават самыя складаныя аспекты пакут з дапамогай мудрасці Слова.

Леў XIV нагадаў, што на старонках Евангелля Езус неаднаразова праяўляе спачуванне да хворых і пакутуючых, сляпых і пракажоных. Спачуванне Хрыста да іх настолькі вялікае, што Ён атаясамлівае Сябе з імі: "быў хворы, і вы адведалі Мяне" (Мц 25:36). Ён ацаляе хваробы і немачы і заклікае вучняў рабіць тое ж самае – клапаціцца пра хворых і слабых.

Суцешаныя верай у Хрыста, мы можам пераадолець страх перад хваробай і смерцю, усвядоміўшы сваю крохкасць у святле Яго мукі, смерці і Уваскрасення. Сапраўды, у Хрысце пакуты і хваробы больш не з'яўляюцца жорсткім лёсам. З Езусам боль ператвараецца ў міласэрнасць, адкупленне і братэрскую дапамогу. Такім чынам, Хрыстус – адзіны лекар, які можа вылечыць хваробы душы, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец таксама звярнуў увагу не толькі на фізічныя хваробы, боль і смерць, але і на пакуты бедных, мігрантаў і людзей, якія знаходзяцца на ўскрайку грамадства – яны прысутнічаюць на многіх старонках Святога Пісання. У прыватнасці, ён узгадаў Маці Божую, якая пакутавала на Галгофе разам з Езусам. Яе прыклад, паводле Папы, вучыць вернікаў не толькі маліцца за іншых, але і ахвяраваць дзеля іх уласныя пакуты.

У канцы паслання Пантыфік выказаў спадзяванне на тое, што праца Біблійнай камісіі па вывучэнню некаторых постацей пакутуючых з Евангелля стане выдатным сімвалам надзеі для людзей, якія яднаюць свае пакуты з Укрыжаваным Хрыстом і праз гэта адкрываюць Яго любоў.

13 красавіка 2026, 12:19