Пантыфік: рэлігійная адукацыя павінна весці да ўнутранага пошуку

Быць харэографамі надзеі, нястомнымі шукальнікамі мудрасці і стваральнікамі прыгажосці заклікаў Леў XIV італьянскіх настаўнікаў каталіцкай рэлігіі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

25 красавіка 2026 года Пантыфік прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў III Нацыянальнай асамблеі настаўнікаў каталіцкай рэлігіі ў Італіі, падкрэсліўшы ключавую ролю рэлігійнай адукацыі ў выхаванні дзяцей і моладзі. Ён назваў працу выкладчыкаў “ціхай і непрыкметнай”, але надзвычай важнай місіяй.

Трамплін для ўнутранага дыялогу

Леў XIV нагадаў, што рэлігійнае вымярэнне з’яўляецца неад’емнай часткай чалавечага досведу і не можа быць выключана з працэсу адукацыі новых пакаленняў. Спасылаючыся на святога Аўгустына, ён адзначыў, што ў кожным чалавеку ідзе ўнутраны пошук адказаў на глыбокія пытанні пра сэнс жыцця, адносіны з Богам, тварэннем і іншымі людзьмі. Гэтая “туга па бясконцым”, уласцівая кожнаму чалавеку, можа стаць крыніцай для пабудовы міру, абнаўлення грамадства і ліквідацыі яго супярэчнасцяў. Выкладанне каталіцкай рэлігіі служыць трамплінам, які можа запусціць дзяцей і моладзь у займальныя прыгоды такога ўнутранага пошуку.

Культурная каштоўнасць выкладання рэлігіі

Акрамя таго, выкладанне каталіцкай рэлігіі адыгрывае культурную ролю, дапамагаючы маладому пакаленню лепш зразумець гісторыю, мастацтва і філасофію Італіі, Еўропы і многіх краін свету. Папа падкрэсліў асаблівае значэнне вывучэння невычэрпных старонак Бібліі як крыніцы разумення Хрыста, Сына Божага, які стаў чалавекам, Яго Айца, і хрысціянскага бачання чалавечнасці.

“Сэрца гаворыць да сэрца”

Спасылаючыся на тэму асамблеі “Cor ad cor loquitur” (Сэрца гаворыць да сэрца), натхнёную дэвізам святога Джона Генры Ньюмана, Папа падкрэсліў, што мэта адукацыйнага працэсу – ісціна, а шлях яе дасягнення – асабістыя адносіны з вучнямі. Настаўнікі пакліканы дапамагчы дзецям распазнаць унутраны голас, які гучыць у іх, але часта губляецца ў шуме сучаснага свету.

Выкладаць у школе – значыць вучыць дзяцей прыслухоўвацца да свайго сэрца, развіваць унутраную свабоду і крытычнае мысленне. Вера і розум пры гэтым не супрацьпастаўляюцца, а разам шукаюць ісціну. Такое выхаванне патрабуе цярплівасці і любові, - заўважыў Святы Айцец.

Асоба настаўніка

Настаўнікі павінны быць асобамі, надзейнымі сведкамі, якія суправаджаюць вучняў у іх жыццёвых пошуках, не даючы гатовых адказаў, а падтрымліваючы іх у пошуку сваіх адказаў на вялікія жыццёвыя пытанні. Усё гэта не адмяняе неабходнасці прафесійнай кампетэнтнасці, культурнай строгасці і дыдактычнай падрыхтоўкі, - адзначыў Леў XIV.

Сёння школа сутыкаецца з вялікімі і хвалюючымі выклікамі, таму Касцёл пасылае выкладчыкаў як служыцеляў адукацыі, харэографаў надзеі, нястомных шукальнікаў мудрасці і надзейных стваральнікаў прыгажосці, - сказаў напрыканцы прамовы Папа, благаслаўляючы настаўнікаў, іх сем’і і вучняў.

25 красавіка 2026, 12:53