Пошук

Леў XIV у Вялікай мячэці: гістарычны крок да адзінства

Падчас наведвання Вялікай мячэці Алжыра Леў XIV сустрэўся з мусульманскімі духоўнымі лідарамі, заклікаўшы да ўмацавання братэрства і супольнага служэння міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Апостальскі візіт Папы ў Алжыр адзначыўся глыбокім знакам пашаны да ісламскай традыцыі краіны. Пантыфік наведаў Вялікую мячэць Алжыра “Djamaa el Djazair” – трэцюю па велічыні ў свеце. Гэты манументальны комплекс, які з’яўляецца ўвасабленнем праекта “ўмеранай рэлігійнасці”, прыняў Наступніка Пятра пад купалам дыяметрам 50 метраў.

У суправаджэнні Кардынала Джорджа Коавакада, прэфекта Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, Папа прайшоў праз залы святыні, мінарэт якой узносіцца на рэкордныя 267 метраў.

Сустрэча ў мячэці як маніфест узаемнай павагі і міру

Каля ўваходу ў святыню Папу прывітаў муфцій мячэці Махамед Мамун Аль-Касімі. Падчас кароткай прыватнай сустрэчы, на якой прысутнічаў і арцыбіскуп Алжыра Жан-Поль Веско, бакі абмяняліся думкамі аб адказнасці вернікаў за лёс свету. Леў XIV пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей, падкрэсліўшы, што архітэктурная веліч гэтага месца павінна спрыяць духоўнаму ўзвышэнню і збліжэнню народаў. Гэты візіт стаў чарговым крокам у рэалізацыі мары аб свеце без нянавісці і насілля.

Падчас размовы Папа выказаў удзячнасць за магчымасць наведаць месца, якое належыць Богу, у краіне, звязанай з яго духоўным настаўнікам святым Аўгустынам, які вучыў свет “пошуку праўды, пошуку Бога, прызнанню годнасці кожнага чалавека і важнасці будавання міру”. Пантыфік таксама высока ацаніў наяўнасць у мячэці адукацыйнага цэнтра. Чалавеку неабходна развіваць інтэлектуальныя здольнасці, дадзеныя Богам, каб лепш разумець веліч стварэння, - заўважыў ён. Леў XIV заклікаў праз пошук праўды, адукацыю і прызнанне годнасці кожнага чалавека вучыцца ўзаемнай павазе, жыць у гармоніі і будаваць мір. Ён запэўніў у сваіх малітвах за алжырскі народ і за ўсю чалавечую сям’ю.

Пасля афіцыйных мерапрыемстваў у мячэці Пантыфік накіраваўся ў квартал Баб-эль-Уэд. Там ён наведаў Цэнтр прыёму і сяброўства, якім апякуюцца сёстры-аўгустынкі місіянеркі. Гэтае месца прасякнута памяццю пра мучаніцтва: менавіта тут жылі і служылі сёстры Эстэр Паніягуа Алонса і Карыдад Альварэс Марцін. Яны былі забітыя тэрарыстамі 23 кастрычніка 1994 года, у самы змрочны перыяд алжырскай гісторыі, калі ішлі на нядзельную Імшу.

Сведчанне любові, якое мацнейшае за тэрор і смерць

Сёння ў гэтым цэнтры працягваецца штодзённая ціхая праца: тут дапамагаюць дзецям у вучобе, праводзяць моўныя курсы для дарослых і майстар-класы для жанчын.

Леў XIV ушанаваў памяць загінулых манахінь, адзначыўшы, што іх жыццё стала мостам паміж хрысціянамі і мусульманамі. На думку Святога Айца, менавіта такая простая і шчырая салідарнасць, якую сёстры праяўлялі да мясцовых жыхароў, з’яўляецца лепшым адказам на любыя праявы экстрэмізму.

 

13 красавіка 2026, 18:36