Папа ў камерунскім прытулку для дзяцей Папа ў камерунскім прытулку для дзяцей

Папа ў Камеруне: дзіцячы прытулак як прастора Божай Міласэрнасці

Падчас падарожжа ў Камерун 15 красавіка 2026 года Леў XIV наведаў прытулак "Нгул Замба", дзе падзяліўся з дзецьмі цяплом Божай любові і падзякаваў выхавацелям за іх самаахвярнае служэнне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Апостальскае падарожжа Папы ў Камерун працягнулася кранальным візітам у дзіцячы прытулак "Нгул Замба" ў Яундэ. Ля галоўнага ўвахода Святога Айца сустрэла Генеральная настаяцельніца Кангрэгацыі Дачок Марыі, якая суправаджала яго ў галоўную залу структуры. Там Пантыфіка чакалі не толькі выхаванцы, але і шматлікія супрацоўнікі, для якіх гэты дзень стаў сапраўдным святам надзеі.

Папа заклікаў бачыць у прытулку не проста ўстанову, а сапраўдную сям’ю.

Звяртаючыся да дзяцей, Леў XIV падкрэсліў, што гэты дом стаў для іх месцам, дзе сам Нябесны Айцец прымае іх з любоўю. "Вы ўтвараеце сапраўдную сям’ю, і ў гэтай сям’і ваш старэйшы брат – Езус", - адзначыў ён.

Папа дадаў, што ў свеце, азмрочаным абыякавасцю і эгаізмам, існаванне такіх месцаў нагадвае ўсім нам: у вялікай Божай сям’і ніхто не можа быць чужым або забытым, якім бы малым ён ні быў.

Леў XIV з глыбокім разуменнем паставіўся да цяжкіх выпрабаванняў, праз якія давялося прайсці многім выхаванцам. Ён узгадаў пра боль ад страты блізкіх, страх, адчужанасць і няпэўнасць. Аднак, паводле слоў Папы, кожнае дзіця з’яўляецца носьбітам абяцання, якое значна большае за любыя атрыманыя раны. Бог прысутны там, дзе ёсць пакуты, і Ён ведае твар кожнага, застаючыся блізкім у кожнае імгненне жыцця.

“Пантыфік падкрэсліў, што кожнае дзіця – гэта носьбіт абяцання, якое большае за любыя раны.”

Асобныя словы ўдзячнасці Леў XIV адрасаваў тым, хто штодзённа суправаджае дзяцей: кіраўніцтву, педагогам, валанцёрам і манахіням. Іх адданасць ён назваў прыгожым сведчаннем любові і тварам Божай Міласэрнасці. Праз іх клопат дзеці атрымліваюць не толькі матэрыяльную падтрымку, але і будучыню, адчуваючы верную пяшчоту Бога, якая не знікае нават падчас суровых выпрабаванняў. Папа заклікаў супрацоўнікаў мужна працягваць гэтую высакародную справу.

Пасля абмену падарункамі, супольнай малітвы "Ойча наш" і заключнага спеву, Святы Айцец удзяліў прысутным сваё благаслаўленне, даручыўшы іх апецы Панны Марыі.

Пасля візіту ў прытулак, Леў XIV на аўтамабілі накіраваўся да сядзібы епіскапату Камеруна для прыватнай сустрэчы з мясцовымі іерархамі.
 

15 красавіка 2026, 11:56