Папа: Касцёл у Алжыры – гэта насенне братэрства

Падчас сустрэчы ў Базіліцы Маці Божай Афрыканскай Леў XIV заклікаў вернікаў быць знакамі надзеі, падкрэсліўшы каштоўнасць малітвы і служэння ў краіне з глыбокімі хрысціянскімі каранямі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Візіт Святога Айца ў Алжыр працягнуўся кранальнай сустрэчай вечарам 13 красавіка 2026 года з мясцовай супольнасцю ў Базіліцы Маці Божай Афрыканскай. Гэты велічны храм, узведзены на скале над горадам, стаў месцам малітвы і дыялогу.

Перад уваходам у Базіліку Пантыфіка прывіталі дзеці, якія ўручылі яму кветкі. Папу суправаджалі арцыбіскуп Алжыра Жан-Поль Веско і рэктар базілікі айцец Пэтэр Клавер Ког, які падаў Наступніку Пятра нашага часу крыж і асвечаную ваду для акраплення.

Малітва як подых, неабходны для жыцця кожнага чалавека

Звяртаючыся да прысутных, Леў XIV адзначыў, што Касцёл у Алжыры мае старажытныя карані, якія сягаюць часоў святога Аўгустына і яго маці, святой Монікі. Папа ўзгадаў сучасных сведак веры – 19 мучанікаў, сярод якіх манах-урач Люк з Тыбірына, які адмовіўся пакідаць сваіх пацыентаў у час небяспекі. “Іх кроў – гэта жывое насенне, якое заўсёды будзе прыносіць плён”, – падкрэсліў Святы Айцец. Ён вылучыў тры галоўныя аспекты хрысціянскага жыцця: малітву, міласэрнасць і адзінства.

Пантыфік падзякаваў за сведчанні, якія прагучалі ў храме. Манахіня Бернадэт распавяла пра дапамогу дзецям з інваліднасцю, а мусульманка Монія і студэнтка Ракель падзяліліся вопытам суіснавання ў братэрстве. Папа заўважыў, што Базіліка з’яўляецца сімвалам Касцёла, пабудаванага з “жывых камянёў”, дзе ля Маці Божай сустракаюцца хрысціяне і мусульмане.

У адзінстве – сіла для пераадолення падзелаў і войнаў

Асаблівую ўвагу Леў XIV звярнуў на метафару пустыні, якая займае вялікую частку Алжыра. Ён нагадаў, што ў пустыні немагчыма выжыць у адзіночку: суровая прырода вучыць людзей, наколькі яны патрэбныя адзін аднаму і Богу. Паводле слоў Пантыфіка, прызнанне ўласнай хрупкасці адкрывае сэрцы для ўзаемнай падтрымкі і прымірэння, якое не можа гарантаваць ніякая чалавечая ўлада.

Завяршаючы сустрэчу, Папа запаліў свечку ў капліцы святой Монікі і памаліўся каля помніка ахвярам караблекрушэнняў у Міжземным моры.

Перад тым як адправіцца пешшу ў апостальскую нунцыятуру для сустрэчы з біскупамі Алжыра, Святы Айцец удзяліў усім прысутным сваё благаслаўленне, заклікаючы заставацца супольнасцю, адкрытай для свету і вернай запавету міру.

13 красавіка 2026, 19:26