Папа наведаў Манумента пакутнікаў "Макам Эшахід" у сталіцы Алжыра Папа наведаў Манумента пакутнікаў "Макам Эшахід" у сталіцы Алжыра 

Леў XIV у Алжыры: сапраўдная свабода пачынаецца з прабачэння

Святы Айцец пачаў візіт у Алжыр з ушанавання пакутнікаў. Пантыфік заклікаў да перамогі праз прабачэнне, назваўшы мір адзіным шляхам да сапраўднай незалежнасці і годнасці народа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Апостальскае падарожжа Льва XIV у Алжыр распачалося з глыбокага сімвалічнага жэсту – наведвання Манумента пакутнікаў "Макам Эшахід" у сталіцы краіны.

Ля падножжа лесвіцы мемарыяла Папу прывітаў прадстаўнік урада, пасля чаго Святы Айцец у суправаджэнні вышэйшых афіцэраў алжырскай гвардыі падняўся да помніка для ўскладання кветак. Гэтая цырымонія, напоўненая цішынёй і гукамі дзяржаўнага гімна, стала данінай павагі гісторыі народа, які прайшоў праз выпрабаванні і кроў на шляху да сваёй незалежнасці.

Сапраўдная свабода – гэта штодзённы выбар на карысць міру і братэрства

Пасля вітальнага слова арцыбіскупа Алжыра кардынала Жана-Поля Веско, Леў XIV звярнуўся да пяці тысяч вернікаў і жыхароў горада, якія сабраліся на тэрасе з відам на порт. Папа адзначыў, што наведвае гэтую зямлю ўжо не як "духоўны сын святога Аўгустына", якім ён быў тут двойчы раней, а як Наступнік Пятра і брат, які прыйшоў умацаваць сувязі любові. У сваёй прамове Пантыфік назваў алжырцаў моцным і маладым народам, у чыім сэрцы гасціннасць і салідарнасць з'яўляюцца не проста словамі, а жывымі каштоўнасцямі.

Аналізуючы складаны гістарычны шлях краіны, Леў XIV падкрэсліў, што Алжыр здолеў пераадолець перыяды гвалту дзякуючы шляхетнасці духу. Ён нагадаў, што Бог жадае міру для кожнага народа, але гэты мір немагчымы без справядлівасці і, перш за ўсё, без прабачэння. Паводле слоў Папы, сапраўдная вызваленчая барацьба лічыцца канчаткова выйгранай толькі тады, калі здабываецца мір у чалавечых сэрцах. У свеце, дзе памнажаюцца канфлікты, нельга дазваляць крыўдзе пераходзіць ад пакалення да пакалення.

Вера ў Бога для алжырскага народа, як адзначыў Пантыфік, з'яўляецца той жамчужынай, якая асвятляе жыццё сем'яў і дапамагае праходзіць праз цяжкасці. Менавіта вернікі, якія прагнуць адзінства, здольныя супрацьстаяць спакусам часовага і падманлівага багацця, якое часта разбурае душу і сее варожасць.

Перамога справядлівасці над гвалтам магчымая толькі праз ачышчэнне памяці

Леў XIV звярнуўся да евангельскай мудрасці, цытуючы пытанне Езуса аб тым, якая карысць чалавеку, калі ён набудзе ўвесь свет, а сваёй душы зашкодзіць. Ён паставіў у прыклад пакутнікаў, якія аддалі жыццё з любові да свайго народа, паказаўшы, што сапраўдная свабода – гэта не толькі спадчына, але і асабісты выбар, які трэба рабіць кожны дзень.

Завяршаючы сваю сустрэчу, Папа абвясціў благаслаўленні з Нагорнай пропаведзі, нагадваючы, што менавіта міратворцы будуць названы сынамі Божымі.

Пасля заканчэння афіцыйнай часткі і фотасесіі на фоне алжырскага порта, Пантыфік накіраваўся ў Прэзідэнцкі палац "Эль-Мурадыя" для далейшых дзяржаўных сустрэч.
 

13 красавіка 2026, 12:47