Пошук

Па слядах святога Аўгустына: Леў XIV у старажытным Гіпоне

Леў XIV аддаў даніну памяці свайму духоўнаму настаўніку. 14 красавіка 2026 года ён стаў першым Папам, які наведаў археалагічны комплекс у Гіпоне, дзе калісьці месцілася біскупская рэзідэнцыя святога Аўгустына, падкрэсліўшы актуальнасць яго вучэння пра мір і адзінства народаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На ўваходзе ў археалагічны комплекс Папу сустракаў яго кіраўнік. Святы Айцец прайшоў па тэрыторыі раскопак і агледзеў руіны некалі квітнеючага партовага горада, які да V стагоддзя быў домам рыбакоў, маракоў, салдат, гандляроў, рамеснікаў, чыноўнікаў і земляробаў, а таксама заможных людзей і сем’яў.

Праліўны дождж прымусіў скараціць праграму. Пантыфік усклаў вянок белых і жоўтых руж, пасля чаго з дапамогай двух скаўтаў пасадзіў аліўкавае дрэва як сімвал міру.

На некалькі хвілін Папа спыніўся ў малітве, падчас якой у неба ўзляцелі белыя галубы – яшчэ адзін знак надзеі і прымірэння. Хор Інстытута музыкі Анабы выканаў песні на лацінскай, берберскай і алжырскай мовах з тэкстамі святога Аўгустына пра мір і братэрства.

14 красавіка 2026, 17:06