“Белы горад” вітае Льва XIV: першыя крокі на алжырскай зямлі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Самалёт Святога Айца прызямліўся ў міжнародным аэрапорце імя Хуары Бумед’ена каля 10.00 па мясцовым часе. Першымі на борт падняліся апостальскі нунцый, арцыбіскуп Хаўер Херэра Карона, і кіраўнік пратакола Алжыра, каб павітаць Пантыфіка. Ужо каля падножжа трапа Льва XIV сустракаў Прэзідэнт Алжырскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі Абдэльмаджыд Тэбун.
Гістарычны візіт суправаджаўся 21 гарматным залпам, якія прагучалі на фоне нацыянальных гімнаў. Пасля ўрачыстага праходу ўздоўж Ганаровай варты і прадстаўлення дэлегацый, Пантыфік атрымаў кветкі ад маленькай алжырскай дзяўчынкі. Кароткая прыватная размова ў "Salon d'Honneur" з Прэзідэнтам Тэбунам папярэднічала пераезду да знакавых месцаў сталіцы.
Алжыр, які часта называюць "la blanche" за яго бялюткія будынкі, што цягнуцца ўздоўж узбярэжжа, з’яўляецца найважнейшым портам краіны і горадам з глыбокай гісторыяй. Ад старажытнай Касбы, пабудаванай у XVI стагоддзі як асманскі форт і прызнанай спадчынай ЮНЕСКА, да раёнаў французскай каланіяльнай забудовы – кожны куток горада сведчыць пра складаны шлях да незалежнасці, атрыманай у 1962 годзе пасля кровапралітнай вайны.
Каля 10.30 Святы Айцец накіраваўся да мемарыяла "Макам Эшахід", размешчанага ў 17,8 кіламетрах ад аэрапорта. Гэты бетонны манумент вышынёй больш за 90 метраў быў адкрыты ў лютым 1982 года да 20-годдзя незалежнасці краіны.
Тры стылізаваныя пальмавыя лісты, спраектаваныя канадскім архітэктарам Брусам Чарльзам Абудам, узвышаюцца над крыптай, дзе гарыць вечны агонь у памяць аб загінулых у барацьбе з каланіялізмам.
Візіт да гэтага сімвала нацыянальнай памяці падкрэслівае пашану Пантыфіка да гістарычнага вопыту алжырскага народа.
