Святы Айцец у Камеруне: другі дзень візіту пад знакам міру
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Баменда знаходзіцца ў заходняй частцы Камеруна, дзе на працягу амаль дзесяці гадоў працягваюцца баявыя дзеянні паміж урадавымі войскамі і сепаратыстамі, якія імкнуцца да незалежнасці двух англамоўных рэгіёнаў краіны.
Вытокі англамоўнага крызісу ў Камеруне, вядомага таксама як Амбазонская вайна, сягаюць каланіяльных часоў. Камерун, былая нямецкая калонія, пасля Першай сусветнай вайны быў падзелены на дзве часткі: адна знаходзілася пад брытанскім мандатам, другая – пад французскім. Франкамоўная частка атрымала незалежнасць у 1960 годзе, а англамоўная – у 1961 годзе. У тым жа годзе яны аб’ядналіся ў Федэратыўную Рэспубліку Камерун, але ў 1972 годзе федэралізм быў адкінуты на карысць унітарнай дзяржавы. У выніку англамоўнае насельніцтва паступова пачало адчуваць сябе маргіналізаваным і занепакоеным стратай сваёй прававой і культурнай тоеснасці.
Англамоўны крызіс пачаўся ў 2016 годзе са страйку юрыстаў і настаўнікаў, якія выступілі супраць прызначэння франкамоўных суддзяў у англамоўных рэгіёнах. Для падаўлення пратэстаў урад накіраваў вайскоўцаў і спецыяльных службаў. Сутыкненні прывялі да гібелі людзей.
Восенню 2017 года англамоўныя сепаратысты ўзяліся за зброю і абвясцілі аб стварэнні Федэратыўнай Рэспублікі Амбазоніі. Ахвярамі гвалту сталі тысячы людзей, каля аднаго мільёна жыхароў рэгіёна былі вымушаны пакінуць свае дамы. Мірнае пагадненне паміж бакамі не дасягнута да сённяшняга дня. Час ад часу паміж імі адбываюцца перамовы, але без устойлівага выніку. На час візіту Папы сепаратысцкія групоўкі абвясцілі часовае перамір'е.
