Папа ў Камеруне: вера не аддзяляе духоўнае ад сацыяльнага

“Часам жыццё сям’і і грамадства патрабуе гэтага: адвагі змяніць звычаі і структуры, каб годнасць чалавека заўсёды заставалася ў цэнтры і былі пераадолены няроўнасць і маргіналізацыя”, - заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Апошнім пунктам праграмы візіту Льва XIV у Камерун стала святая Імша, якую ён цэлебраваў 18 красавіка 2026 года на тэрыторыі аэрапорта ў Яўндэ. У літургіі бралі ўдзел каля 20 тысяч вернікаў. Перад пачаткам цэлебрацыі Пантыфік прывітаў іх, праехаўшы на папамабілі. У гаміліі Святы Айцец заклікаў камерунскіх католікаў захоўваць веру перад абліччам шматлікіх цяжкасцей у асабістым і грамадскім жыцці.

“Вера не пазбаўляе нас ад узрушэнняў і нягод, і ў пэўныя моманты можа здацца, што страх бярэ верх. Але мы ведаем, што нават у такія моманты, як гэта здарылася з вучнямі пасярод Галілейскага мора, Езус не пакідае нас”, - падкрэсліў Папа.

Каментуючы літургічнае чытанне пра суцяшэнне Хрыстом буры, Пантыфік нагадаў, што ў яўрэйскай традыцыі глыбокія і таямнічыя марскія воды атаясамліваліся з хаосам, небяспекай і смерцю.

“Разам з цемрай яны нагадвалі пра сілы зла, якія чалавек не можа пераадолець у адзіночку. Аднак у той жа час, у памяці пра цуды зыходу, яны ўспрымаліся і як месца пераходу, пераправы, праз якую Бог сваёй моцаю вызваляе свой народ ад рабства”, - дадаў ён.

Пантыфік заклікаў камерунскіх вернікаў не паддавацца роспачы і адчаю перад абліччам зла і заўсёды памятаць пра пастаянную прысутнасць Езуса побач, які “мацнейшы за любую сілу зла”, а таксама захоўваць адзінства паміж сабой, асабліва з тымі, хто найбольш пакутуе.

“Ніхто не павінен заставацца сам на сам з жыццёвымі цяжкасцямі, і таму перад кожнай супольнасцю стаіць задача ствараць і падтрымліваць структуры салідарнасці і ўзаемнай дапамогі, у якіх ва ўмовах крызісаў – сацыяльных, палітычных, медыцынскіх ці эканамічных – кожны можа аказваць і атрымліваць дапамогу ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі і патрэбамі”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што ў грамадстве важны ўклад кожнага чалавека, незалежна ад яго статусу ці месца “ў вачах свету”. Ён заклікаў камерунскіх католікаў у духу адзінства спрыяць вырашэнню сацыяльных праблем, у прыватнасці звязаных з пытаннямі беднасці і справядлівасці.

“Вера не аддзяляе духоўнае ад сацыяльнага, наадварот, яна дае хрысціяніну сілу ўзаемадзейнічаць са светам, каб адказваць на патрэбы іншых, асабліва самых слабых. Для збаўлення грамадства недастаткова індывідуальных і ізаляваных намаганняў асобных людзей: неабходныя агульныя рашэнні, якія інтэгруюць духоўнае і этычнае вымярэнне Евангелля ў сэрца інстытутаў і структур, ператвараючы іх у інструменты агульнага дабра, а не ў месцы канфліктаў, інтарэсаў ці бясплоднай барацьбы”, - сказаў Леў XIV.

Папа нагадаў, што праблема беднасці ў першай хрысціянскай супольнасці, якая выклікала нараканні і пагражала адзінству, падштурхнула апосталаў выбраць “сем мужоў добрай славы, поўных Духа і мудрасці”, каб яны служылі тым, хто быў у патрэбе. Такім чынам крызіс стаў нагодай для развіцця, заўважыў Святы Айцец.

“Часам жыццё сям’і і грамадства патрабуе гэтага: адвагі змяніць звычаі і структуры, каб годнасць чалавека заўсёды заставалася ў цэнтры і былі пераадолены няроўнасць і маргіналізацыя. Больш за тое, Бог, стаўшы чалавекам, атаясаміў сябе з самымі апошнімі, а менавіта таму асаблівы клопат пра бедных з’яўляецца фундаментальным прынцыпам нашай хрысціянскай тоеснасці”, - дадаў Папа.

Напрыканцы гаміліі Леў XIV заклікаў камерунскіх католікаў выкарыстоўваць цяжкасці, якія заўсёды будуць у жыцці, як нагоду для росту ў радасным служэнні Богу і братам, дзяленні, слуханні, малітве і жаданні развівацца разам.
 

18 красавіка 2026, 11:16