Папа ў Бамендзе: мы – адна вялікая сям'я, якая жыве ў агульным доме
Марыя Валодзіна - Vatican News
16 красавіка 2026 года ў рамках апостальскага падарожжа ў Камерун Леў XIV прыбыў у Баменду, дзе прыняў удзел у сустрэчы ў абарону міру, якая прайшла ў катэдральным саборы святога Юзафа.
Візіт Папы ў гэты рэгіён адбываецца на фоне працяглага крызісу, які пакінуў глыбокія раны ў мясцовым грамадстве. На час прыезду Льва XIV канфліктуючыя бакі дамовіліся аб часовым перамір’і.
Прыбыўшы на месца сустрэчы, Папа разам з мясцовым арцыбіскупам Эндру Нкеа Фуанья наведаў капліцу Найсвяцейшага Сакрамэнту для кароткай малітвы, пасля чаго ўвайшоў у сабор. Пасля прывітальнага слова арцыбіскупа прагучалі сведчанні прадстаўнікоў розных рэлігійных і грамадскіх супольнасцей – традыцыйнага лідара Манкона, пратэстанцкага пастара, імама, каталіцкай манахіні і сям’і бежанцаў. Яны падзяліліся досведам жыцця ва ўмовах канфлікту і намаганнямі, скіраванымі на дасягненне прымірэння.
Святы Айцец выслухаў сведчанні, пасля чаго звярнуўся да прысутных са словамі падтрымкі і надзеі, адзначыўшы, што, нягледзячы на пакуты, “Бог ніколі не пакідаў нас. У Ім, у Ягоным супакоі, мы заўсёды можам пачаць усё нанова”.
Удзячнасць міратворцам
Папа падкрэсліў, што прыбыў у Баманду, каб абвяшчаць мір, але ўбачыў, што мясцовыя жыхары самі нясуць гэтае пасланне яму і ўсяму свету. Крызіс у рэгіёне зблізіў хрысціянскія і мусульманскія супольнасці настолькі, што іх рэлігійныя лідары аб’ядналіся і стварылі “Рух за мір”, які імкнецца пасрэднічаць паміж супрацьлеглымі бакамі.
“Як бы я жадаў, каб гэта адбылося і ў іншых кутках свету! Шчаслівыя міратворцы!” - зазначыў Папа, асудзіўшы тых, хто выкарыстоўвае рэлігію і імя Бога ў ваенных, эканамічных і палітычных мэтах.
Святы Айцец выказаў асаблівую ўдзячнасць усім, асабліва жанчынам, як свецкім, так і манахіням, якія дапамагаюць траўмаваным людзям, падкрэсліўшы, што гэта цяжкая, нябачная і небяспечная праца.
“Перавернуты свет” і заклік да братэрства
Папа падкрэсліў, што аднаўленне грамадства патрабуе значна больш часу, чым яго разбурэнне. Ён назваў такі стан рэчаў, калі на забойства і спусташэнне трацяцца мільярды долараў, а на лячэнне, адукацыю, рэканструкцыю не знаходзяць рэсурсаў, “перавернутым светам”, “скажэннем Божага тварэння”, якое патрабуе маральнага асуджэння і навяртання да чалавечага братэрства. Мы – нашчадкі Абрагама, незлічоныя, як зоркі на небе і пясчынкі на марскім пляжы. Мы – адзін велізарны народ, пакліканы жыць у адзінстве, вітаючы блізкага як брата і сястру. Ніхто не выбірае братоў і сясцёр, іх трэба толькі прымаць і вітаць. Свет трымаецца дзякуючы незлічонай колькасці салідарных людзей, якія падтрымліваюць адзін аднаго, бо ўсё чалавецтва – адна сям’я, якая жыве ў агульным доме, на гэтай планеце, якую стагоддзямі захоўвалі і шанавалі нашы продкі, -сказаў Леў XIV.
“Ціхая рэвалюцыя” салідарнасці
Папа звярнуўся да жыхароў Баменды з заклікам разам служыць міру, падкрэсліваючы, што кожны чалавек мае пакліканне дапамагаць іншым – падтрымліваць, вучыць, благаслаўляць, лячыць і вызваляць. Ён нагадаў, што змены пачынаюцца на мясцовым узроўні з канкрэтных спраў любові да бліжняга. Пантыфік адзначыў, што жыхары рэгіёна ўжо з’яўляюцца сведкамі “ціхай рэвалюцыі” салідарнасці і падзякаваў за міжрэлігійную згоду. “Як сказаў Імам, дзякуй Богу за тое, што гэты крызіс не перарос у рэлігійную вайну, і што мы ўсё яшчэ спрабуем любіць адзін аднаго!” – сказаў Святы Айцец, заклікаючы супольнасць ісці наперад з адвагай, не стамляючыся, і заўсёды разам.
Сустрэча завяршылася супольнай малітвай і спевамі. На выхадзе з катэдры Папа разам з прадстаўнікамі супольнасці выпусціў у неба сем белых галубоў – сімвал міру і надзеі.
