Пошук

Папа ў доме састарэлых у Анабе: сэрца Бога з малымі і пакорнымі

Падчас візіту ў дом састарэлых у алжырскім горадзе Анаба Леў XIV нагадаў пра тое, што Бог на баку малых і пакорных, а не тых, хто чыніць зло і злоўжывае ўладай.

Марыя Валодзіна - Vatican News

14 красавіка 2026 года ў рамках апостальскага падарожжа ў Алжыр Папа наведаў пансіянат “Ma Maison”для пажылых людзей, якімі апякуюцца Малыя сёстры бедных. Ён размешчаны ў Анабе – старажытным Гіпоне – на ўзгорку побач з Базілікай святога Аўгустына. Установа займаецца доглядам адзінокіх пажылых людзей, як хрысціян, так і мусульман. Пяць манахінь, некалькі супрацоўнікаў і валанцёраў даглядаюць каля 40 пажылых.

У сустрэчы з Папам удзельнічалі жыхары дома, сёстры на чале з настаяцельніцай супольнасці сястрой Філаменай Пітэр і супрацоўнікі. Прагучалі прывітанні, сведчанні, музыка і спевы, а таксама адбыўся абмен падарункамі.

Леў XIV цёпла вітаў прысутных, падзякаваўшы за гасціннасць і сведчанні. Ён адзначыў, што месцы, дзе пануюць любоў і служэнне, становяцца месцамі прысутнасці Бога.

Папа падкрэсліў, што менавіта ў такіх супольнасцях, дзе людзі жывуць у братэрстве і ўзаемнай падтрымцы, нараджаецца надзея. “Я думаю, што Пан з нябёсаў, бачачы такі дом, дзе спрабуюць жыць разам у братэрстве, можа падумаць: тады ёсць надзея!” – сказаў ён.

“Сэрца Бога пакутуе ад войнаў, гвалту, несправядлівасці і хлусні. Але сэрца нашага Айца не з тымі, хто чыніць зло, не з тымі, хто злоўжывае ўладай, і не з ганарлівымі: сэрца Бога з малымі і пакорнымі, і разам з імі Ён працягвае будаваць сваё Валадарства любові і міру з дня ў дзень. Як вы імкнецеся рабіць тут – у паўсядзённым служэнні, у сяброўстве, у сумесным жыцці”, - адзначыў Святы Айцец, запэўніўшы прысутных у сваёй малітве і ўдзяліўшы ім апостальскае благаслаўленне.

14 красавіка 2026, 13:50