Пошук

Папа – Касцёлу ў Анголе: быць “паламаным хлебам” для грамадства

Пераадолець наступствы грамадзянскай вайны праз асабістую сустрэчу з Уваскросклым Хрыстом і вярнуць надзею моладзі, перамагаючы падзелы, нянавісць і карупцыю, заклікаў Папа католікаў Анголы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У другі дзень свайго візіту ў Анголу, 19 красавіка 2026 года, Леў XIV узначаліў святую Імшу ў Кіламбе, прадмесці Луанды. У літургіі бралі ўдзел каля 200 тысяч вернікаў, якія прыбылі з розных куткоў краіны. Перад пачаткам цэлебрацыі Святы Айцец прывітаў іх, праехаўшы на папамабілі.

У гаміліі Пантыфік пракаментаваў евангельскі ўрывак пра двух вучняў з Эмаўса, якія, пасля смерці Езуса, з параненымі і смутнымі сэрцамі вярталіся з Ерузалема ў іх родную вёску. Леў XIV прапанаваў убачыць у пачатку гэтай гісторыі “адлюстраванне гісторыі Анголы – гэтай прыгожай і параненай краіны, якая мае голад і прагу надзеі, міру і братэрства”, пасля доўгай грамадзянскай вайны, што “пакінула пасля сябе варожасць і падзелы, змарнаваныя рэсурсы і беднасць”.

“Калі мы так доўга пагружаныя ў гісторыю, пазначаную болем, мы рызыкуем апынуцца ў сітуацыі двух вучняў з Эмаўса: згубіць надзею і заставацца паралізаванымі ад роспачы”, - дадаў ён.

Папа заклікаў ангольцаў памятаць, што жывы і ўваскрослы Езус, які наблізіўся да вучняў, заўсёды “крочыць побач з намі, калі мы праходзім шлях пакут і горычы, адкрываючы нашы вочы, каб мы маглі распазнаць Яго дзейнасць, і дорачы нам ласку, каб мы маглі пачаць спачатку і зноў ствараць будучыню”.

“Езус наблізіўся да двух вучняў, расчараваных і пазбаўленых надзеі, і, стаўшы іх спадарожнікам, дапамог ім сабраць у адно часткі гэтай гісторыі, зазірнуць за межы болю, убачыць, што яны не самотныя на сваім шляху і што іх чакае будучыня, у якой па-ранейшаму жыве Бог любові. І калі Ён застаўся на вячэру з імі, сеў за стол і паламаў хлеб, тады “адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго”, - заўважыў Пантыфік.

“Вось ён – шлях да новага пачатку, акрэслены і для нас, і для вас, дарагія браты і сёстры з Анголы: з аднаго боку ўпэўненасць у тым, што Пан спадарожнічае і спачувае нам, а з іншага – намаганні, якіх Ён патрабуе ад нас”, - дадаў Святы Айцец.

Папа патлумачыў, што мы спазнаём досвед блізкай прысутнасці Езуса ў адносінах з Ім, у малітве, у слуханні Яго слова, якое прымушае палаць нашы сэрцы, і асабліва ў сакрамэнце Эўхарыстыі. “Менавіта тут мы сустракаем Бога”, - сказаў ён, заклікаючы не змешваць веру з “магічнымі і забабоннымі элементамі”, якія, безумоўна, належаць да каранёў ангольскай культуры, але “не дапамагаюць на духоўным шляху”.

“Заставайцеся вернымі таму, чаму вучыць Касцёл, давярайце вашым пастырам і трымайце позірк на Езусе, які асаблівым чынам аб’яўляецца ў Божым слове і Эўхарыстыі, - заахвоціў Пантыфік.

Святы Айцец пажадаў, каб Касцёл у Анголе спадарожнічаў народу, наследуючы прыклад Езуса з гісторыі пра вучняў з Эмаўса. Ён заклікаў католікаў краіны стаць “паламаным хлебам” для грамадства, аказваючы дапамогу тым, хто яе найбольш патрабуе.

“Анголе патрэбныя біскупы, святары, місіянеры, манахі і манахіні, свецкія верніцы і вернікі, якія маюць у сэрцы жаданне раздзяліць уласнае жыццё і дарыць яго адзін аднаму, прыкладаць намаганні ў любові і ўзаемным прабачэнні, будаваць прасторы братэрства і міру, рабіць учынкі спагады і салідарнасці для тых, хто знаходзіцца ў найбольшай патрэбе”, - сказаў Папа.

“Дзякуючы ласцы Уваскрослага Хрыста мы можам стаць тым паламаным хлебам, які змяняе рэальнасць. І як Эўхарыстыя нагадвае нам, што з’яўляемся адным целам і адным духам, з’яднанымі ў адзіным Пану, таксама і мы можам і хочам будаваць краіну, у якой назаўсёды будуць пераадолены старыя падзелы, у якой знікнуць нянавісць і гвалт, у якой рана, нанесеная карупцыяй, будзе вылечана новай культурай справядлівасці і дзялення. Толькі так стане магчымай будучыня надзеі, асабліва для шматлікіх маладых людзей, якія яе згубілі”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў ангольскім католікам, што “сёння трэба глядзець у будучыню з надзеяй і будаваць надзею на будучыню”. “Не бойцеся рабіць гэта! Уваскрослы Езус, які спадарожнічае вам і для вас ламае хлеб, заахвочвае вас быць сведкамі Яго ўваскрасення і галоўнымі дзеючымі асобамі новага чалавецтва і новага грамадства”, - сказаў Леў XIV, заклікаючы вернікаў разлічваць на яго малітву і падтрымку.
 

19 красавіка 2026, 12:56