Папа на сустрэчы з мусульманамі: мір – гэта абавязак

Леў XIV сустрэўся з дванаццацю прадстаўнікамі ісламскіх супольнасцей Камеруна, разам з якімі Касцёл рэалізуе супольныя праекты па падтрымцы найбяднейшага насельніцтва краіны.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сустрэча адбылася ўвечары 16 красавіка 2026 года ў нунцыятуры ў Яўндэ пасля вяртання Папы з Баменды. Некаторых з камерунскіх мусульманскіх лідараў Пантыфік прымаў на аўдыенцыі ў Ватыкане ў снежні мінулага года.

Святы Айцец асабіста прывітаў кожнага са сваіх гасцей і выслухаў словы прывітання і падзякі, скіраваныя да яго прысутнымі, асабліва за супольную працу з Касцёлам, за яго візіт і словы пра дыялог і мір, прамоўленыя падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў Бамендзе.

Потым Леў XIV падзяліўся з прадстаўнікамі мусульман радасцю ад сустрэчы з імі і падзякаваў за тое, што ў Камеруне яго радасна прымалі прадстаўнікі розных рэлігій і канфесій – і хрысціяне, і мусульмане.

Пантыфік згадаў таксама пра падзелы, якія часам узнікаюць паміж веравызнаннямі, падкрэсліўшы, што гэта яшчэ больш абавязвае імкнуцца да міру. Гаворка не ідзе пра мір, які з’яўляецца абыякавасцю ці пазбаўляе багацця адметнасцей, але пра мір, які “нараджаецца, калі мы прызнаём, што ўсе мы браты і сёстры, стварэнні Адзінага, пакліканыя паважаць годнасць кожнага”, - удакладніў Папа.

Леў XIV выказаў упэўненасць у тым, што ў Камеруне ёсць вялікая магчымасць рэалізаваць гэтую мару як жаданне, якое становіцца абавязацельствам, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Святы Айцец заклікаў прысутных працягваць шлях дыялогу, несці гэтае пасланне і мару іншым – мусульманам і ўсім, хто не разумее гэтага, але можа навучыцца бачыць прыгажосць братэрства, прыносячы вялікую карысць усяму Камеруну.
 

17 красавіка 2026, 08:59