Пасланне да кардыналаў: узмацніць місійную дзейнасць Касцёла
Марыя Валодзіна – Vatican News
Пантыфік перадаў кардыналам свае цёплыя і братэрскія віншаванні з нагоды Вялікадня і падзякаваў за ўдзел у студзеньскім кансісторыі, адзначыўшы высокую якасць дыскусій і плённы абмен думкамі ў групах. На яго думку, сабраныя матэрыялы будуць мець доўгатэрміновую каштоўнасць і стануць асновай для далейшага разважання і распазнавання.
Святы Айцец надаў асаблівую ўвагу апостальскай адгартацыі “Evangelii gaudium”, якая застаецца важным арыенцірам для сучаснага Касцёла. Гэты дакумент пераарыентуе ўвагу на перадачу веры, керыгму, як аснову хрысціянскай і касцёльнай ідэнтычнасці. “Мы ўсе згодныя, што гэта - "глыток свежага паветра", здольны ініцыяваць працэсы пастырскага і місіянерскага пераўтварэння (замест неадкладных структурных рэформ), тым самым глыбока накіроўваючы рух Касцёла”, - адзначыў Пантыфік, дадаючы, што такая перспектыва кідае выклік Касцёлу на ўсіх узроўнях.
На асабістым узроўні гэта заклікае кожнага ахрышчанага аднавіць сваю сустрэчу з Хрыстом, перайшоўшы ад веры, якую ён проста атрымаў, да веры, якую ён па-сапраўднаму выпрабоўвае і пражывае.
На ўзроўні супольнасцяў гэта патрабуе пераходу ад пастырскага падыходу, які проста “падтрымлівае тое, што ёсць”, да больш місійнага пастырскага падыходу, адкрытага і здольнага слухаць, суправаджаць і ацаляць.
На дыяцэзіяльным узроўні адказнасць пастыраў заключаецца ў рашучай падтрымцы місійнай дзейнасці і пазбяганні залішніх арганізацыйных перашкод.
З усяго гэтага вынікае адзінае глыбокае разуменне місіі. Місія Касцёла павінна быць засяроджаная на Хрысце і керыгме. Яна нараджаецца з сустрэчы з Хрыстом, здольнай змяняць жыццё праз сведчанне і прыцягненне. Нават калі Касцёл усведамляе сябе меншасцю, ён закліканы жыць з упэўненасцю і мужнасцю, як малы статак, які нясе надзею ўсім, памятаючы, што мэтай місіі з'яўляецца не яго ўласнае выжыванне, а перадача Божай любові свету, - падкрэсліў Леў XIV.
Сярод канкрэтных прапаноў Папа адзначыў неабходнасць пераасэнсавання працэсаў хрысціянскай ініцыяцыі, больш актыўнае выкарыстанне пастырскіх візітаў як магчымасці для абвяшчэння Евангелля, а таксама ўдасканаленне касцёльнай камунікацыі, у тым ліку на ўзроўні Святога Пасада, у місійным ключы.
Напрыканцы паслання Леў XIV зноў выказаў кардыналам сваю ўдзячнасць за служэнне і паведаміў, што наступны кансісторый адбудзецца 26–27 чэрвеня 2026 года.
