Пошук

Хірасіма пасля атамнага выбуху Хірасіма пасля атамнага выбуху  (ANSA) Калонка рэдактара

Вучэнне Пап і атамная зброя

Наступнікі святога Пятра неаднаразова рашуча выступалі супраць ядзернай зброі, нагадаў у сваёй аўтарскай калонцы галоўны рэдактар “Vatican News” Андрэа Тарніелі.

Тэкст: Андрэа Тарніелі / Пераклад і адаптацыя: Марыя Валодзіна

З часоў атамнай трагедыі 1945 года ў Японіі, Касцёл разважае пра рызыку самазнішчэння чалавецтва.

Пій XII у радыёпасланні на Божае нараджэнне 1955 года казаў пра ядзерную пагрозу, тлумачачы, што не будзе ніякага пераможнага воклічу, а толькі несуцешны плач чалавецтва, якое ў роспачы будзе сузіраць катастрофу, выкліканую ўласным вар’яцтвам.

У энцыкліцы "Pacem in terris", апублікаванай неўзабаве пасля Карыбскага крызісу, Ян XXIII казаў аб тым, што людзі жывуць пад пагрозай атамнай зброі, як пад пагрозай урагану, які можа ў любы момант абрынуцца на іх з неўяўнай разбуральнай сілай. Бо зброя існуе; і хоць цяжка ўявіць, што знойдуцца людзі, здольныя ўзяць на сябе адказнасць за разбурэнні і пакуты вайны, не выключана, што непрадбачаны і некантралюемы выпадак можа запаліць іскру, якая прывядзе ў рух ваенную машыну.

У чэрвені 1968 года Павел VI заклікаў ад імя ўсяго чалавецтва да поўнай забароны ядзернай зброі і агульнага і поўнага раззбраення.

Ян Павел II у лютым 1981 года ў Хірасіме казаў аб тым, што наша будучыня на гэтай планеце пад пагрозай ядзернага знішчэння залежыць ад аднаго фактару: чалавецтва павінна здзейсніць маральны пераварот. Неабходная агульная мабілізацыя ўсіх мужчын і жанчын добрай волі. Чалавецтва паклікана зрабіць яшчэ адзін крок наперад – крок да цывілізацыі і мудрасці.

У маі 2010 года Бэнэдыкт XVI заахвочваў ініцыятывы, накіраваныя на паступовае раззбраення і стварэння зон, свабодных ад ядзернай зброі, з перспектывай яе поўнай ліквідацыі на планеце.

Папа Францішак у Хірасіме ў лістападзе 2019 года нагадаў, што “выкарыстанне атамнай энергіі ў ваенных мэтах сёння, як ніколі, з’яўляецца злачынствам не толькі супраць чалавека і яго годнасці, але і супраць любой магчымасці будучыні ў нашым агульным доме”. Выкарыстанне атамнай энергіі ў ваенных мэтах амаральнае, як і амаральным з’яўляецца валоданне ядзернай зброяй. Новыя пакаленні будуць судзіць нас за гэта. Як можна казаць пра мір, ствараючы новую і грозную зброю вайны? – пытаў ён.

Леў XIV працягнуў лінію сваіх папярэднікаў. 14 чэрвеня 2025 года, у канцы юбілейнай аўдыенцыі, ён казаў: “Сітуацыя ў Іране і Ізраілі сур’ёзна пагоршылася, і ў такі далікатны момант я хачу рашуча аднавіць заклік да адказнасці і разважлівасці. Імкненне будаваць больш бяспечны свет, свабодны ад ядзернай пагрозы, павінна ажыццяўляцца праз сустрэчы, узаемную павагу і шчыры дыялог з мэтай будавання трывалага міру, заснаванага на справядлівасці, братэрстве і агульным дабры. Ніхто ніколі не павінен пагражаць існаванню іншага”.

Праз крыху больш як месяц у пасланні да 80-й гадавіны бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі ён пісаў: “Сапраўдны мір патрабуе адважнага складання зброі – асабліва той, якая здольная выклікаць невымоўную катастрофу. Ядзерная зброя зневажае нашу агульную чалавечнасць і здраджвае годнасці стварэння, гармонію якога мы пакліканы ахоўваць”.

6 жніўня на агульнай аўдыенцыі, успамінаючы японскую трагедыю, ён дадаў: “Тыя трагічныя падзеі застаюцца паўсюдным напамінам пра спусташэнне, якое нясуць войны, асабліва ядзерная зброя. Спадзяюся, што ў сучасным свеце, пазначаным моцнай напружаннасцю і крывавымі канфліктамі, ілюзорная бяспека, заснаваная на пагрозе ўзаемнага знішчэння, саступіць месца сродкам справядлівасці, практыцы дыялогу і веры ў братэрства”.

У Пасланні на Сусветны дзень міру 2026 года Леў XIV казаў аб тым, што ядзернае стрымліванне увасабляе ірацыянальнасць адносін паміж народамі, заснаваных не на праве, справядлівасці і даверы, а на страху і панаванні сілы.

4 лютага 2026 года з нагоды заканчэння тэрміна дзеяння дамовы "New START" Папа заклікаў не дапусціць новай гонкі ўзбраенняў. “Аднаўляючы маё заахвочванне да ўсякіх канструктыўных высілкаў на карысць раззбраення і ўзаемнага даверу, я настойліва заклікаю не адмаўляцца ад гэтага інструмента, не паспрабаваўшы забяспечыць яму канкрэтны і эфектыўны працяг. Актуальная сітуацыя патрабуе зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць новую гонку ўзбраенняў, якая яшчэ больш пагражае міру паміж народамі. Як ніколі раней з’яўляецца тэрміновай патрэба замяніць логіку страху і недаверу супольнай этыкай, здольнай накіроўваць рашэнні ў бок агульнага дабра і зрабіць мір спадчынай, якую захоўваюць усе”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Нарэшце, у афіцыйным акаўнце ў сацыяльнай сетцы X (@Pontifex) 5 сакавіка 2026 года Папа напісаў: "Молімся разам, каб народы прыступілі да сапраўднага раззбраення, асабліва ядзернага, і каб сусветныя лідары абралі шлях дыялогу і дыпламатыі замест гвалту".

Гэтыя заявы Пантыфіка сведчаць пра паслядоўную пазіцыю, якая заклікае да ліквідацыі ядзернай зброі, здольнай знішчыць усё чалавецтва.

17 красавіка 2026, 12:56