Пасланне Льва XIV: развіваць культуру прафілактыкі злоўжыванняў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Папа накіраваў пасланне ўдзельнікам II Нацыянальнага пасяджэння каардынатараў дзейнасці па абароне ўразлівых дзяцей і дарослых, скліканага Канферэнцыяй Біскупаў Італіі.
У пасланні за подпісам Дзяржсакратара на імя кардынала Матэа Дзупі падкрэсліваецца, што кожны чалавек мае годнасць, якая павінна быць абаронена. У хрысціянскім светапоглядзе павага да годнасці чалавека – гэта не проста карэктнасць, а форма міласэрнасці, якая выяўляецца ў тым, каб ахоўваць іншага, не выкарыстоўваючы яго, суправаджаць яго, не дамінуючы над ім, служыць яму, не прыніжаючы яго. Таму абарона ўразлівых – гэта не толькі набор норм і працэдур, але і мудрасць, якая ўплывае на ўвесь лад жыцця супольнасцей: на тое, як яны будуюцца, як ажыццяўляецца ўлада, як рыхтуюцца выхавацелі, як кантралююцца сітуацыі і наколькі празрыстымі з’яўляюцца паводзіны людзей.
Асаблівую ўвагу трэба надаваць людзям, якія пацярпелі ад злоўжыванняў: іх раны патрабуюць шчырай блізкасці, пакорлівага слухання і настойлівасці ў пошуку справядлівага і магчымага спосабу аднаўлення. Хрысціянская супольнасць перажывае евангельскае навяртанне тады, калі не хавае праблемы, а ідзе складаным шляхам праўды, справядлівасці і аздараўлення, - гаворыцца ў пасланні.
Касцёл пакліканы развіваць культуру прафілактыкі, якая, перадусім, з’яўляецца культурай евангельскага клопату. Гэтаму, між іншым, будзе спрыяць і спектакль “Я буду клапаціцца пра цябе”, прэм'ера якога адбудзецца падчас канферэнцыі. Папа заклікае працягваць працу па абароне ўразлівых, каб у Касцёле і грамадстве кожны чалавек быў прыняты, абаронены і любімы.
