Леў XIV у Камеруне: адмовіцца ад логікі вайны і будаваць мір
Марыя Валодзіна – Vatican News
Сваё апостальскае падарожжа ў Камерун Папа распачаў візітам ветлівасці да прэзідэнта краіны Поля Бія. З аэрапорта ён накіраваўся ў Палац адзінства – афіцыйную рэзідэнцыю кіраўніка дзяржавы, размешчаную ў паўночнай частцы Яўндэ. Там Пантыфік сустрэўся з прэзідэнтам, яго жонкай і членамі сям’і, падпісаў кнігу ганаровых гасцей, правёў прыватную размову і абмен падарункамі.
Камерун як “Афрыка ў мініяцюры”
У звароце да прадстаўнікоў улады Леў XIV падзякаваў за цёплы прыём і адзначыў унікальнасць Камеруна, які часта называюць “Афрыкай у мініяцюры” па прычыне разнастайнасці зямель, культур, моў і традыцый. Ён падкрэсліў, што разнастайнасць – не праблемай, а каштоўны рэсурс для пабудовы братэрства і трывалага міру.
Заклік да міру, дыялогу і агульнага дабра
Святы Айцец зазначыў, што прыбыў у краіну як “пастыр і слуга дыялогу, братэрства і міру”, каб заахвоціць усіх камерунцаў з энтузіязмам і настойлівасцю працягваць будаўніцтва агульнага дабра. Асаблівы заклік ён жадае скіраваць да моладзі, каб заахвоціць яе актыўна ўдзельнічаць у стварэнні больш справядлівага грамадства. Яшчэ адна мэта візіту – умацаваць сувязі і супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Камерун на аснове ўзаемнай павагі, годнасці кожнага чалавека і рэлігійнай свабоды.
Цытуючы святога Аўгустына, Папа адзначыў, што служыць сваёй краіне азначае прысвяціць сябе агульнаму дабру ўсяго народа: большасці, меншасцям і іх узаемнай гармоніі. Ён нагадаў пра складаныя выклікі, з якімі сутыкаецца Камерун, такія як канфлікты ў паўночных, паўночна-заходніх і паўднёва-заходніх рэгіёнах. Ён адзначыў, што за статыстыкай стаяць рэальныя чалавечыя лёсы – страчаныя жыцці, перамешчаныя сем’і, дзеці, пазбаўленыя школы, моладзь, якая не бачыць будучыні. Леў XIV нагадаў пра свой заклік адмовіцца ад логікі вайны і будаваць мір бяззбройны, гэта значыць не заснаваны на страху, пагрозе або ўзбраеннях; і мір, які абяззбройвае, здольны вырашаць канфлікты, адкрываць сэрцы і выклікаць давер, спачуванне і надзею.
Роля ўладаў і грамадзянскай супольнасці
Святы Айцец падкрэсліў важную ролю грамадзянскіх уладаў краіны. “Правіць – значыць любіць сваю краіну, а таксама суседнія краіны. У міжнародных адносінах таксама дзейнічае запаведзь: любі бліжняга твайго, як самога сябе!” – нагадаў ён.
Ён заахвоціў улады бачыць у грамадзянскай супольнасці жыццёвую сілу нацыянальнай згуртаванасці. Жаночыя і моладзевыя арганізацыі, прафсаюзы, дабрачынныя арганізацыі, традыцыйныя і рэлігійныя лідары адыгрываюць незаменную ролю ў захаванні сацыяльнай згоды. Менавіта яны часта знаходзяцца на першай лініі ўрэгулявання канфліктаў і падтрымкі пацярпелых. Грамадзянская супольнасць таксама спрыяе фарміраванню сумлення, развіццю культуры дыялогу і павазе адрозненняў.
“Я жадаў бы з удзячнасцю падкрэсліць ролю жанчын. На жаль, яны часта становяцца першымі ахвярамі прадузятасці і гвалту, але пры гэтым застаюцца нястомнымі міратворцамі. Іх уклад у адукацыю, пасярэдніцтва і аднаўленне сацыяльнай тканіны не мае роўных і з’яўляецца стрымліваючым фактарам супраць карупцыі і злоўжыванняў уладай. Менавіта таму іх голас павінен быць цалкам прызнаны ў працэсах прыняцця рашэнняў”, - сказаў Папа.
Заклік да празрыстасці і барацьбы з карупцыяй
Леў XIV заахвоціў дзяржаўных дзеячаў да празрыстасці ў кіраванні рэсурсамі і павагі да вяршэнства закона. Бяспека з'яўляецца прыярытэтам, але яна заўсёды павінна ажыццяўляцца з павагай да правоў чалавека, асабліва самых уразлівых. Ён таксама заклікаў улады “разарваць кайданы карупцыі” і пазбавіцца “смагі нажывы”, адзначыўшы, што сапраўднае кіраванне — гэта служэнне народу і цэласнаму чалавечаму развіццю.
Інвеставаць у моладзь
Камерун валодае чалавечымі, культурнымі і духоўнымі рэсурсамі, неабходнымі для пераадолення канфліктаў і дасягнення росквіту. Неабходна ператварыць раны мінулага ў крыніцы абнаўлення. Надзею краіны і Касцёла ўвасабляе моладзь, таму інвестыцыі ў адукацыю і занятасць моладзі з’яўляюцца ключом да доўгатэрміновага міру. “Гэта адзіны спосаб стрымаць уцечку выдатных талентаў у іншыя рэгіёны планеты. Гэта таксама адзіны спосаб процідзейнічаць язвам наркотыкаў, прастытуцыі і апатыі, якія ўсё часцей руйнуюць маладыя жыцці”, - падкрэсліў Пантыфік.
Каталіцкі Касцёл у Камеруне сваімі адукацыйнымі, медыцынскімі і дабрачыннымі справамі жадае і надалей служыць усім людзям без выключэння і сумленна супрацоўнічаць з уладамі дзеля чалавечай годнасці і прымірэння, - запэўніў Леў XIV, заклікаючы Божае благаслаўленне для краіны і ўсяго камерунскага народа.
