Пошук

Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота 

Леў XIV ляціць у Дуалу: кульмінацыя візіту ў Камерун

Кульмінацыяй падарожжа Папы ў Камерун стане святая Імша ў Дуале – найбуйнейшым горадзе краіны. Пасля літургіі ён наведае мясцовы каталіцкі шпіталь, а потым вернецца ў Яўндэ, дзе сустрэнецца з акадэмічнай супольнасцю.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

17 красавіка 2026 года Святы Айцец правядзе насычаны дзень у Камеруне. Раніцай ён вылеціць на самалёце з Яўндэ ў Дуалу. Гэты горад знаходзіцца ў заходняй частцы краіны і з’яўляецца яе эканамічнай сталіцай. Палёт будзе доўжыцца каля гадзіны. За гэты час у паветры будзе пераадолена каля трохсот кіламетраў.

З аэрапорта Дуалы Папа адразу адправіцца на мясцовы стадыён Япома. На вялікай паркоўцы перад гэтай спартыўнай арэнай ён узначаліць святую Імшу, у якой возьмуць удзел каля шасцісот тысяч чалавек.

Арцыбіскуп Дуалы Самуэль Кледа падкрэсліў, што гэта будзе кульмінацыйны момант падарожжа Святога Айца ў Камерун. Папа прыбывае ў першую чаргу, каб "абвяшчаць Добрую навіну", а для сённяшняга Камеруна гэта ў першую чаргу пасланне міру, дадаў іерарх.

Пасля Імшы Пантыфік здзейсніць прыватны візіт у каталіцкі шпіталь святога Паўла, пасля чаго вернецца самалётам у Яўндэ. Увечары ён сустрэнецца з выкладчыкамі і студэнтамі Каталіцкага ўніверсітэта Цэнтральнай Афрыкі – навучальнай установы, пакліканай фармаваць новае пакаленне камерунцаў, адказных за грамадскае, палітычнае і маральнае адраджэнне краіны.

Раніцай 18 красавіка Папа пакіне Камерун і адправіцца ў наступны пункт свайго афрыканскага падарожжа, якім стане Ангола. Наперадзе яго чакае яшчэ візіт у Экватарыяльную Гвінею.
 

17 красавіка 2026, 08:17