Леў XIV: кансэкраванае жыццё патрабуе мужнасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Увечары 17 красавіка 2026 года Леў XIV прыняў у апостальскай нунцыятуры ў Яўндэ дзевяць манахінь – дэлегатак Нацыянальнай Канферэнцыі Вышэйшых Настаяцельніц, у якой прадстаўлены больш чым 250 кангрэгацый і інстытутаў, прысутных у Камеруне.
Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што манахіні падзякавалі Папу за візіт у іх краіну і за яго словы, прамоўленыя ў апошнія дні. Яны расказалі пра дзейнасць жаночых манаскіх супольнасцей у Камеруне і пра сведчанне, якое яны даюць у розных сітуацыях пакут, асабліва праз служэнне моладзі, вымушаным перасяленцам, ахвярам гвалту і гандлю людзьмі.
Настаяцельніцы казалі пра неабходнасць больш цеснага супрацоўніцтва з біскупамі і дыяцэзіяльнымі святарамі, а таксама пра пытанні ўласнай тоеснасці, якія ўзнікаюць у кангрэгацыях.
Леў XIV падзякаваў сваім госцям за магчымасць, прадстаўленую сустрэчай, падкрэсліўшы, што “кансэкраванае жыццё з’яўляецца вельмі важнай часткай жыцця Касцёла”.
Закранаючы тэму адносін паміж кансэкраванымі асобамі, біскупамі і дыяцэзіяльным духавенствам, Папа заўважыў, што сярод прапаноў апошняга Сінода Біскупаў было стварэнне групы па абнаўленні дакумента “Mutuae relationes”, прысвечанага менавіта гэтай тэме. У гэтым кантэксце ён нагадаў пра тое, наколькі важна паважаць і падтрымліваць харызматы манаскіх кангрэгацый, прысутных у кожнай дыяцэзіі.
Святы Айцец звярнуў увагу таксама на важнасць належнай фармацыі кансэкраваных асоб, падкрэсліўшы, што кожная кангрэгацыя павінна прытрымлівацца ўласнай харызмы. Ён падкрэсліў неабходнасць узаемнага слухання, каб кандыдаты маглі быць падрыхтаванымі прыняць жыццё, якое складаецца з самаахвярнасці і служэння ў супольнасцях.
Папа заўважыў, што некаторыя выклікі, такія як суіснаванне паміж людзьмі розных веравызнанняў і душпастырства моладзі, патрабуюць рэфлексіі ў межах кожнага інстытута або супольнасці, а таксама ў супрацоўніцтве з дыяцэзіямі, каб кожны харызмат мог служыць Касцёлу на ўсіх узроўнях.
Пантыфік заахвоціў манахінь да рэфлексіі над словамі, якія ён прамовіў падчас свайго візіту ў Камерун. “Папа прыехаў, Папа а’ехаў, але вы маеце тое, што было сказана”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Кансэкраванае жыццё патрабуе мужнасці, а часам і радыкальных рашэнняў, каб без страху абвяшчаць тое, чаму Езус вучыць нас у Евангеллі, патрабуе ад нас быць вучнямі, якія дасягаюць самых складаных праблем, самых далёкіх межаў зямлі, дасягаюць найменшых, зняволеных, тых, хто патрабуе надзеі і Божай любові, сказаў на заканчэнне сустрэчы Леў XIV.
