Пошук

Візіт Папы ў Цэнтр прыёму і сяброўства ў Баб-эль-Уэд (Алжыр) Візіт Папы ў Цэнтр прыёму і сяброўства ў Баб-эль-Уэд (Алжыр)  (@Vatican Media)

Леў XIV падчас ушанавання мучаніц: мірнае суіснаванне магчымае

Падчас апостальскага падарожжа ў Алжыр Папа ўшанаваў памяць дзвюх аўгустынак, забітых у часы грамадзянскай вайны. Гэта адбылося 13 красавіка 2026 года падчас наведвання Цэнтра прыёму і сяброўства ў раёне Баб-эль-Уэд, якім апякуюцца сёстры-місіянеркі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік ушанаваў памяць сястры Эстэр Паніягуа і Карыдад Альварэс Марцін Алонса, якія былі забітыя 23 кастрычніка 1994 года па дарозе на нядзельную Імшу. Манахіні ўваходзяць у лік 19 алжырскіх мучанікаў, беатыфікаваных у 2018 годзе ў Аране.

Леў XIV ужо наведваў гэты цэнтр раней, у 2004 і 2009 гадах, калі быў прыёрам Ордэна святога Аўгустына. Сёстры добра яго памятаюць і заўсёды ўзгадваюць яго як сціплага і блізкага чалавека, “брата па духу”.

Каштоўная прысутнасць у Алжыры

Цэнтр прыёму і сяброўства ў Баб-эль-Уэд сёння выконвае важную сацыяльную ролю: тут праводзяць моўныя курсы, аказваюць адукацыйную падтрымку дзецям, арганізуюць творчыя майстэрні для жанчын: курсы жывапісу, шыцця, вязання і вырабу ўпрыгожанняў.

Візіт Папы ў Цэнтр прыёму і сяброўства ў Баб-эль-Уэд (Алжыр)
Візіт Папы ў Цэнтр прыёму і сяброўства ў Баб-эль-Уэд (Алжыр)   (@Vatican Media)

Пасля супольнай малітвы і прывітальнага слова сястры Лурдэс Мігелес, якая асабіста ведала забітых манахінь, Папа звярнуўся да прысутных, узгадаўшы гісторыю дзвюх мучаніц і іншых сведкаў веры і падкрэсліваючы значнасць іх ахвяры.

Святы Айцец падкрэсліў значнасць прысутнасці аўгустынак у Алжыры: “Ваша прысутнасць тут мае вялікае значэнне”, - адзначыў ён, дадаючы, што сведчанне веры, нават праз пакутніцтва, з’яўляецца сутнасцю аўгустынскага жыцця. На думку Папы, менавіта у святога Аўгустына, які нарадзіўся на гэтых землях, можна вучыцца паважаць годнасць кожнага чалавека і жыць у міры, шануючы адрозненні.

На заканчэнне сустрэчы Пантыфік падзякаваў сёстрам за іх служэнне і заклікаў працягваць місію, якая нясе пасланне братэрства і надзеі. Ён нагадаў, што ўспамін 19 алжырскіх мучанікаў адзначаецца 8 мая – у дзень яго абрання на Пасад Святога Пятра.

Падарункі Святому Айцу

Жанчыны, якія наведваюць цэнтр, падарылі Льву XIV невялікі ружанец з выявамі сясцёр Эстэр і Карыдад, а таксама стулу з эмблемай аўгустынцаў – кнігай і сэрцам, прабітым стралой, якія сімвалізуюць навяртанне святога Аўгустына, а таксама надпісам на арабскай мове: “Бог ёсць любоў”.

Візіт Папы ў Цэнтр прыёму і сяброўства ў Баб-эль-Уэд (Алжыр)
Візіт Папы ў Цэнтр прыёму і сяброўства ў Баб-эль-Уэд (Алжыр)   (@Vatican Media)
14 красавіка 2026, 10:33