Леў XIV: блізкасць да народа Украіны і надзея на мір у Ліване
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Дарагія браты і сёстры, давайце цяпер аб’яднаемся ў малітве да Марыі, Уладаркі Неба, каб разам з Ёй, нашай Маці і спадарожніцай на шляху, раздзяліць радасць Уваскрасення. Гэтым радасным спевам мы не жадаем ні заглушыць, ні прыглушыць крык тых, хто пакутуе, але наадварот – агарнуць яго і злучыць з нашым голасам у новай гармоніі, каб нават пасярод болю заставалася жывым святло веры і разам з ім – надзея на лепшы свет”, - сказаў Папа.
“Я глыбока засмучаны нядаўнім узмацненнем нападаў на Украіну, якія працягваюць закранаць таксама і мірнае насельніцтва. Выказваю сваю блізкасць усім, хто церпіць, і запэўніваю ў сваіх малітвах за ўвесь украінскі народ. Паўтараю заклік, каб зброя змоўкла і быў абраны шлях дыялогу”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Пантыфік скіраваў увагу таксама на сітуацыю на Блізкім Усходзе. Ён назваў “крыніцай надзеі” перамір’е, абвешчанае ў Ліване, адзначыўшы, што яно становіцца знакам палёгкі для ліванскага народа і для ўсяго рэгіёну. “Заахвочваю тых, хто прыкладае намаганні дзеля пошуку дыпламатычнага рашэння, працягваць мірныя перамовы, каб спыненне ваенных дзеянняў на ўсім Блізкім Усходзе стала трывалым”, - адзначыў Папа.
“Хрыстус перамог смерць, і з гэтай упэўненасцю ўсе мы, з’яднаныя з Ім і ў Ім як адно цела, сёння і кожны дзень давайце імкнуцца памнажаць вакол нас плёны Пасхі – любоў, сапраўдную справядлівасць і мір, нягледзячы на ўсе перашкоды і цяжкасці. Няхай Маці Езуса, Маці Сэрца, дапаможа нам заўсёды адчуваць жывую і моцную, побач з намі, прысутнасць Яе ўваскрослага Сына”, - завяршыў свой зварот Святы Айцец.
