Пантыфік пачаў візіт у Анголу: сустрэча з прэзідэнтам

Пасля візіту ў Алжыр і Камерун Леў XIV распачаў трэцюю частку свайго афрыканскага падарожжа, якая на працягу бліжэйшых дзён будзе праходзіць у Анголе.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

18 красавіка 2026 года Папа здзейсніў пералёт з Яўндэ ў Луанду. За дзве з паловай гадзіны самалёт з Пантыфікам на борце пераадолеў 1627 кіламетраў над тэрыторыяй Камеруна, Экватарыяльнай Гвінеі, Габона, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Анголы.

У аэрапорце Луанды Святога Айца сустрэў прэзідэнт Анголы Жуан Мануэл Гансалвіш Ларэнсу. Пасля афіцыйнай цырымоніі прывітання Леў XIV адправіўся на папамабілі ў Прэзідэнцкі палац, вітаючы па дарозе тысячы жыхароў ангольскай сталіцы.

У палацы Леў XIV правёў кароткую прыватную сустрэчу з прэзідэнтам, абмяняўся з ім падарункамі, а затым накіраваўся на сустрэчу з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў гэтай афрыканскай краіне.

 

18 красавіка 2026, 16:00