Папа ў Анголе: ваш народ мае скарбы, які нельга скрасці

“Не бойцеся нязгоды, не гасіце бачання маладых і мары пажылых, навучыцеся кіраваць канфліктамі, ператвараючы іх у шляхі абнаўлення”, - заклікаў Папа падчас сустрэчы з істэблішментам Анголы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

18 красавіка 2026 года Леў XIV звярнуўся да прадстаўнікоў ўладаў Анголы, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага ў гэтай краіне. Сустрэча прайшла ў Прэзідэнцкім палацы ў Луандзе. Ёй папярэднічага прыватная размова Папы з прэзідэнтам Жуанам Мануэлам Гансалвішам Ларэнсу.

На пачатку звароту Святы Айцец запэўніў у малітве за ахвяр моцных дажджоў і паводак, якія абрынуліся на правінцыю Бенгела, а таксама выказаў блізкасць сем’ям, якія згубілі свае дамы. Ён высока ацаніў той факт, што ангольцы аб’ядналіся ў вялікі ланцуг салідарнасці, каб дапамагчы пацярпелым.

Народ Анголы валодае скарбамі, якія немагчыма прадаць ці скрасці, - сказаў Святы Айцец, адзначыўшы, што да такіх скарбаў адносяцца радасць і надзея, якія маюць таксама палітычную каштоўнасць.

Пантыфік нагадаў, што на афрыканскія краіны “часта глядзелі і глядзяць, каб нешта даць ці, часцей, нешта ўзяць”. “Неабходна разарваць гэты ланцуг інтарэсаў, які зводзіць рэальнасць і само жыццё да ўзроўню тавару”, - сцвердзіў ён.

Святы Айцец згадаў пра ўплыў логікі здабыўной эканамічнай мадэлі, якая прынесла шмат “пакут, смерцяў, сацыяльных і экалагічных катастроф”. Ён падкрэсліў, што гэта логіка працягвае прасоўваць паўсюль у свеце мадэль развіцця, якая дыскрымінуе і адчужае, але ўсё ж спрабуе навязаць сябе як адзіную магчымую”.

Леў XIV нагадаў словы Паўла VI пра тое, што “камерцыйная, геданістычная, матэрыялістычная цывілізацыя”, якая ўяўляе сябе будучыняй, на самай справе з’яўляецца “цалкам анахранічнай”, а новыя пакаленні прагнуць нечага зусім іншага.

Каментуючы палітычныя і сацыяльныя праблемы, з якімі сутыкаюцца многія афрыканскія краіны, Папа падкрэсліў важнасць дыялогу. “Афрыка мае тэрміновую патрэбу ў тым, каб пераадолець сітуацыі і феномены канфліктнасці і варожасці, якія разрываюць сацыяльную і палітычную тканку многіх краін, умацоўваючы беднасць і выключэнне. Жыццё расквітае толькі падчас сустрэчы. На самым пачатку стаіць дыялог”, - сказаў ён.

Папа прызнаў, што рознагалоссі могуць перарасці ў канфлікты, але адказваць на іх трэба, мірна шукаючы супольныя рашэнні, каб супярэчнасці спрыялі абнаўленню.

Пантыфік заахвоціў палітычных лідараў Анголы да інклюзіўнага падыходу да кіравання. “Не бойцеся нязгоды, не гасіце бачання маладых і мары пажылых, навучыцеся кіраваць канфліктамі, ператвараючы іх у шляхі абнаўлення. Стаўце агульнае дабро вышэй уласнага, ніколі не блытайце свае інтарэсамі з інтарэсамі цэлага. Тады гісторыя прызнае вас правымі, нават калі ў дадзены момант нехта будзе да вас настроены варожа”, - параіў Папа.

Леў XIV адзначыў, што “дэспаты і тыраны цела і духу хочуць зрабіць душы пасіўнымі” і “паслухмянымі ўладзе”. У такой сітуацыі людзі з лёгкасцю паддаюцца страхам, хаваюцца ў “фанатызме, пакорнасці, медыйным шуме, залатых міражах і міфе пра ідэнтычнасць”.

“Незадаволенасць, пачуццё бяссілля і вырванасці з каранёў раз’ядноўваюць нас, а не злучаюць, распаўсюджваючы атмасферу абыякавасці да грамадскіх спраў, пагарды да няшчасця іншых і адмаўлення ўсялякага братэрства. Гэты разлад парушае фундаментальныя адносіны, якія кожны з нас падтрымлівае з самім сабой, з іншымі і з рэальнасцю. Як заўважаў Папа Францішак: “Найлепшы спосаб пачаць валадарыць і павялічваць свой бязмежны ўплыў – гэта сеяць роспач і абуджаць пастаянны недавер, нават калі гэта прыхавана пад маскай абароны нейкіх каштоўнасцяў. Сёння ў многіх краінах выкарыстоўваецца палітычны механізм абвастрэння, раздражнення і палярызацыі” (Fratelli tutti, 15)”, - нагадаў Леў XIV.

Пантыфік заўважыў, што ад такой адчужанасці ратуе “сапраўдная радасць”, якая з’яўляецца плёнам Святога Духа і адкрывае чалавека на адносіны і гатоўнасць служыць агульнаму дабру. “Без радасці няма абнаўлення; без унутранага жыцця няма вызвалення; без сустрэчы няма палітыкі; без іншага няма справядлівасці”, - сказаў Папа, запэўніваючы ў гатоўнасці Касцёла спрыяць развіццю справядлівай мадэлі суіснавання ў Анголе.
 

18 красавіка 2026, 18:19