Леў XIV: я прыбыў у Афрыку, каб абвяшчаць Евангелле
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Распаўсюдзілася пэўная інтэрпрэтацыя, не зусім дакладная, з прычыны палітычнай сітуацыі, якая склалася, калі ў першы дзень падарожжа прэзідэнт Злучаных Штатаў зрабіў некалькі заяў пра мяне”, - патлумачыў Папа, маючы на ўвазе абвінавачанні, якія Дональд Трамп скіраваў у яго адрас на пачатку тыдня і адносна якіх сам Пантыфік ужо выказаўся раней. Аднак у той час як прэзідэнт ЗША – а таксама віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс – у наступныя дні працягвалі рабіць каментары супраць Пантыфіка, для Папы гэтае пытанне было закрытае ўжо ў першы дзень.
“Вялікая частка таго, што было напісана з таго часу, – гэта не што іншае, як каментар да каментара ў спробе інтэрпрэтаваць сказанае”, - падкрэсліў Леў XIV. У якасці прыкладу ён прывёў важную прамову, якую сказаў падчас малітоўнай сустрэчы ў інтэнцыі міру ў Бамендзе.
Гэтая прамова, патлумачыў Пантыфік, “была падрыхтаваная за два тыдні да таго, як прэзідэнт выказаўся пра мяне і пра пасланне міру, якое я прасоўваю. І ўсё ж яе інтэрпрэтавалі так, нібы я імкнуся зноў уступіць у дыскусію з прэзідэнтам, чаго я зусім не маю намеру рабіць”.
Папа зноў паўтарыў, што “прыбыў у Афрыку ў першую чаргу як пастыр, як галава Каталіцкага Касцёла”, каб быць побач з мясцовымі католікамі, маліцца разам з імі, падбадзёрваць і суправаджаць іх. Пантыфік заўважыў, што яшчэ адным аспектам яго падарожжа з’яўляецца міжрэлігійны дыялог дзеля прасоўвання братэрства, узаемаразумення і будавання міру разам з вызнаўцамі іншых рэлігій.
Праз адзінага камерунскага журналіста, прысутнага на борце самалёта, Святы Айцец выказаў асаблівую падзяку ўсяму народу Камеруна “за цудоўны прыём, вялікі энтузіязм і радасць людзей”. Па словах Льва XIV, дзякуючы запалу вернікаў многія людзі ўбачылі, як цудоўна быць вучнямі Езуса Хрыста і разам святкаваць нашу веру. “Я вельмі шчаслівы, што перажыў гэты досвед”, - сказаў ён. Пантыфік адзначыў, што прыбывае ў Анголу, каб працягваць абвяшчаць Евангелле.
