Святы Айцец адведаў хворых у каталіцкім шпіталі ў Дуале
Пасля святой Імшы ў Дуале, 17 красавіка 2026 года, Леў XIV адведаў хворых у мясцовым каталіцкім шпіталі святога Паўла, які ўжо паўстагоддзя служыць важным пунктам падтрымкі для людзей у нястачы.
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Візіт насіў прыватны характар – яго мэтай была духоўная падтрымка хворых і іх блізкіх. Памаліўшыся ў капліцы шпіталя, Папа затрымаўся на падворку, каб коратка прывітаць персанал і некаторых хворых, выказваючы пажаданне, каб гэты візіт стаў знакам суцяшэння ў іх жыцці.
Пасля малітвы “Ойча наш” Святы Айцец наведаў некаторых пацыентаў у іх палатах, асабліва дзяцей і пажылых людзей. На заканчэнне візіту ён пакінуў у якасці дару для ўстановы абраз Маці Божай Ласкавай.
Са шпіталя Леў XIV накіраваўся ў мясцовы аэрапорт, адкуль вылецеў у сталіцу Камеруна – горад Яўндэ, дзе ўвечары сустрэнецца з супольнасцю Каталіцкага ўніверсітэта Цэнтральнай Афрыкі.
17 красавіка 2026, 15:56
