Папа: візіт у Алжыр стаў важнай магчымасцю для будаўніцтва мастоў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Падчас размовы з журналістамі ў самалёце на шляху ў Яўндэ Святы Айцец адзначыў, што візіт у Алжыр прайшоў вельмі добра, у духу павагі, сяброўства і ўзаемнага прызнання. Ён падзякаваў уладам краіны, падкрэсліўшы сімвалічны жэст суправаджэння самалёта ў паветранай прасторы краіны. Папа назваў гэта знакам дабрыні, велікадушнасці і павагі да Святога Пасада.
Леў XIV таксама выказаў удзячнасць каталіцкай супольнасці ў Алжыры і падзяліўся ўражаннямі ад свайго наведвання духоўных мясцін, Базіліцы Маці Божай Афрыканскай у сталіцы і Базіліцы Святога Аўгусціна, якая ўзвышаецца над сучасным горадам Анаба і руінамі старажытнага рымскага Гіпона.
Папа нагадаў, што святы Аўгустын, які больш за трыццаць гадоў служыў біскупам Гіпонскім, з'яўляецца постаццю, якая сведчыць пра традыцыю, пра жыццё Касцёла, пра рост Касцёла ў першыя стагоддзі. Вучэнне святога Аўгусціна, яго духоўнасць, яго заклік да пошуку Бога і ісціны застаецца надзвычай актуальным і сёння, як для хрысціян, так і для ўсіх людзей. Нават у пераважна мусульманскім Алжыры святога Аўгустына вельмі шануюць і паважаюць як аднаго з вялікіх сыноў гэтай зямлі, - адзначыў Пантыфік.
Леў XIV назваў свой візіт у Анабу “асаблівым благаслаўленнем”, якое дало яму магчымасць нагадаць Касцёлу і свету бачанне таго, як Святы Аўгустын прапануе імкнуцца да адзінства паміж усімі народамі і павазе да ўсіх народаў, нягледзячы на адрозненні. “Думаю, у нас была сапраўды выдатная магчымасць працягваць наводзіць масты і прасоўваць дыялог”, - сказаў Папа.
Ён падкрэсліў важнасць мірнага суіснавання, адзначыўшы наведванне мячэці як знак павагі да розных веравызнанняў. “Нягледзячы на розныя перакананні, розныя спосабы вызнання веры, розны лад жыцця, мы можам жыць разам у міры”, - нагадаў Пантыфік, дадаючы, што свет сёння мае патрэбу ў такіх прыкладах узаемнай павагі.
